Засло́н 1 ’атрад для аховы галоўнай часткі войска’. Рус. засло́н, укр. заслі́н, засло́н ’тс’, славен. zaslòn ’тое, што засланяе, заслона’, серб.-харв. за́слон ’тс’, балг. засло̀н ’сховішча’. Ст.-рус. заслонъ ’заслонка’ (XVI ст.). Сучаснае бел. заслон ’атрад’, відаць, з рус., дзе адбылася спецыялізацыя значэння слова, утворанага як бязафіксны назоўнік ад заслоняти ’закрываць, прыкрываць’. Шанскі, 2, З, 62. Гл. заслона.

Засло́н 2 ’лаўка’. Гл. аслон, услон.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмы́хаць ’мыць бялізну’ (расон., Шатал.), жма́хаць ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. жмы́хать ’тс’, укр. жминка́ти, жма́кати ’тс’, славац. žmýkať ’тс’, славен. žmikati ’сціскваць (у тым ліку вінаград, сыр, бялізну)’, žmúlja ’пральная дошка’. Ад. прасл. *žьm‑ (гл. жаць 2) з суфіксамі ‑уха‑, ‑аха‑ (Слаўскі, SR, 1, 76) ці ‑ука‑ ўтварыліся дзеясловы з абазначэннем дэфарміруючага сцісквання; магчыма, менавіта на гэта ўказваў экспрэсіўны суфікс. Параўн. рус. жмакать ’неахайна сціскваць’, серб.-харв. жми̏кати ’выціскваць’ і інш. У гаворках адбывалася семантычная спецыялізацыя: пераход да ’праць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́ступ 1 ’доступ (да чаго-небудзь)’ (Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб.), ’атака, штурм’ (ТСБМ), ’запал, заўзятасць’ (Сл. ПЗБ), ’магчымасць набліжэння да каго-небудзь, звычайна з адмаўленнем’ (ашм., Стан.), ані прыступу ’немагчыма падысці, звярнуцца да каго-небудзь’ (ТСБМ). Нулявы дэрыват ад прыступі́ць (гл.). Аналагічна ў іншых славянскіх мовах: рус. при́ступ, укр. при́ступ, чэш. přístup і г. д.

Пры́ступ 2 ’момант абвастрэння, узмацнення хваробы, хваравітай з’явы; рэзкае, вострае праяўленне душэўнага стану, пачуцця’ (ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе. Але спецыялізацыя значэння ’прыступ хваробы’ адбылася ў рус., укр. при́ступ і польск. przystęp ’прыступ гневу, ярасці і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Затво́р ’канструкцыя для закрывання і адкрывання апаратуры’ з рус. затвор ’тс’. Параўн. укр. затвор ’тс’, польск. zatwór ’прыстасаванне для замыкання’, чэш. zátvor ’прыстасаванне для закрыцця’, ’зняволенне’, славац. zátvor ’засаўка’, ’забарона распараджацца маёмасцю’, ’зняволенне’, славен. zatvór ’замок, затвор у млыне’, серб.-харв. за́твор ’турма’, ’закрыванне’, балг. затво́р ’турма’, ’частка агнястрэльнай зброі’. Ст.-слав. затворъ ’замок, засаўка’. Ст.-рус. затворъ, затвора ’замок, засаўка’, ’асада, турма, прабыванне ў турме’, ’дзверы, вароты’. Спецыялізацыя значэння адбывалася, відаць, у рус. мове, хаця агульная база яго была ўжо ў прасл. Прасл. zatvorъ утворана з чаргаваннем галоснага ад zatverti, дзе ‑t‑ адцягнена ад otverti, а корань ver‑ той самы, што ў верая (гл.). Фасмер, 2, 82; Шанскі, 2, З, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танк ’баявая бронемашына’, ’цыстэрна для транспарціроўкі і захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’баявая бронемашына’ (Некр. і Байк., Вруб.), та́нка ’тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл., Мат. Маг.). У славянскія мовы (як і ў заходнееўрапейскія: франц. tank, ням. Tank паралельна з Panzer і інш.) — з англ. tank ’вадаём; цыстэрна, бак, чан’, а ў канцы 1916 г. — ’танк’; спецыялізацыя значэння звязана са знешнім падабенствам. Англ. tank у першасным значэнні звязваюць з с.-англ. stanc ’басейн, сажалка’ (Фасмер, 4, 19) або парт. tanque ’рэзервуар; вадаём; затока’, якое этымалагічна звязана са ст.-франц. estanc, франц. étang ’затока’, лац. stagnum ’балота; затока; вада, што выйшла з берагоў; лужына; штучная затока; басейн’ (Чарных, 2, 228). Менш пераконваюць меркаванні, што англ. tank ’баявая машына’ паходзіць ад прозвішча вынаходніка Танка (Фасмер, 4, 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Засце́нак 1 ’месца жорсткіх катаванняў у Маскоўскай Русі’ (> ’месца катаванняў’). Рус. засте́нок ’тс’, дыял. ’перагародка’, ’месца каля дома’, польск. уст. zaścianek ’засек’, ’часовы карцэр, адгароджаны ў хаце’. Параўн. засценак 2, дзе іншыя слав. адпаведнікі. Бел. засце́нак 1 з рус., дзе адбывалася семантычная спецыялізацыя на базе ’месца за сценкай’, Шанскі, 2, З, 64.

Засценак 2 ’хутар дробнай шляхты, якая арэндавала землі, што не ўвайшлі ў сялянскія надзелы ў Рэчы Паспалітай пасля 1557 г.’ Рус. смал. засте́нок ’неакрэсленая мера плошчы’, ’палоска нівы’, валаг. смал. ’месца каля дома’, польск. zaścianek ’вёска, хутар, у якой жыве дробная шляхта’, чэш. zástěnek ’закутак, месца за сценкай, тэраса’. Ст.-рус. застѣнокъ ’частка царквы’ (XI ст.), ’месца паміж дзвюма сценамі ўмацаванага горада’ (XVII ст.). Значэнне засценак 2 указвае на польск. як крыніцу запазычання з далейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль (ě > e). Утворана, відаць, у зах.-слав. ад stěna (гл. сцяна) конфіксам *za‑ + ‑ъkъ (параўн. завулак, засенак, закамінак, застрэшак, Сцяцко, Афікс. наз., 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ць 1 ’ствараць’, ’дзеяць, рабіць, здзяйсняць’, ’чыніць, вырабляць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’вычвараць, непакоіць, здзіўляць; чыніць’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян.), ’тварыць, ствараць’ (Сержп. Прымхі), творы́ць ’вытвараць’ (ТС), творы́ті ’тварыць, складаць’ (Вруб.), ст.-бел. твори́ти, творы́ти ’тварыць, рабіць, чыніць’ (XV ст., КТС). Укр. твори́ти, рус. твори́ть, польск. tworzyć, н.-луж. tworiś, в.-луж. tworić, чэш. tvořit, славац. tvoriť, славен. tvoriti, серб.-харв. тво̀рити, балг. творя́, макед. твори, ст.-слав. творити ’тс’. З прасл. *tvoriti ’тварыць’, суадноснае з *tvorъ ’твор’, якое звязана з *tvarъ ’твор, стварэнне’ (з іншым вакалізмам). Прасл. *tvoriti роднаснае да літ. tvérti ’абгароджваць; перавязваць; хапаць; фарміраваць, ствараць’, turė́ti ’трымаць; мець’, ãptvaras ’агароджа’, tvártas ’хлеў’, лат. tver̂t ’хапаць, лавіць’, tvarsît ’тс’, turêt ’трымаць’, прус. turīt ’мець’, грэч. σορός ’пахавальная урна; труна’ на падставе і.-е. *tu̯er‑ ’хапаць; абгароджваць’ (Фасмер, 2, 34; ЕСУМ, 5, 533; Чарных, 2, 231; Брукнер, 587; Махэк₂, 662–663; Шустар-Шэўц, 1565). Мяркуецца, што на базе канкрэтных значэнняў ’схапіць, трымаць, браць’ праз ’акружаць, акаляць, агароджваць’ развіліся абстрактныя значэнні ’кшталтаваць, афармляць, фармаваць’ і ’тварыць, ствараць’ (Борысь, 656). Параўн. твэ́рыць, гл.

Твары́ць 2 ’захаваць, ахінаць вулей на зіму’ (петрык., Яшк. Мясц.), твары́ць ву́лей ’рыхтаваць вулей пад рой’ (Стан., Некр.), творы́ць ’класці ў вулей прынаду для пчол’ (ПСл), творы́ць борць ’апырскваць сярэдзіну борці спецыяльным растворам’ (Маш.), тво́рыць ’пырскаць, крапіць вулей прымацкай для прываблівання пчол’, ’прыбіраць (у хаце)’ (ТС). Параўн. польск. tworzyć ’рабіць, працаваць каля пчол (у лесе)’. Да папярэдняга (гл.), спецыялізацыя семантыкі на аснове значэння ’акружаць, абгортваць, агароджваць’ з далейшым развіццём ’дбаць, даглядаць’.

Твары́ць 3 ’думаць, уяўляць’: я тварыла што месяц усходзіць, аж то мой татэчка па дворэ ходзіць (барыс., Кольб.). Да тварыць 1, параўн. польск. tworzyć ’прыдумваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)