ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і 1, нескл., н.

1. Дзесятая літара беларускага алфавіта. Друкаванае і.

2. Галосны гук пярэдняга рада верхняга пад’ёму. Націскное і. Прыстаўное і.

•••

Васьмярычнае «и» — назва літары «и» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 8.

Дзесяцярычнае «і» — назва літары «і» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 10.

«І» кароткае — назва літары «й».

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» гл. ставіць.

і 2, злучн.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для злучэння аднародных членаў сказа і цэлых сказаў з аднароднымі паведамленнямі. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Дрыжаць у золаце асіны, І гнуцца кісці верабіны. Колас. // Злучае словы, якія паўтараюцца для абазначэння працягласці дзеяння, узмацнення якасці, прыметы і пад. Бесперапынны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. Адна за другой знікалі зоры, хмары хутка ахіналі неба, і яно рабілася цямнейшым і цямнейшым. Лынькоў. // Злучае два словы ў інтанацыйнае цэлае, што выражае адно паняцце, адну ідэю. І ходзяць хвалі ноч і дзень, Шумяць і вечарам, і рана. Чарот. Гонар і слава людзям, якія бадзёра, няспынна і няўхільна крочаць да вялікай мэты — да камунізма. Крапіва. Покатам ляжалі выносныя сосны, ляжалі ўздоўж і накрыж, як пасля якой буры. Пестрак.

2. Злучае сказы, звязаныя адносінамі адначасовасці або паслядоўнасці падзей. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Бразнула клямка ў сенцах, і на парозе з’явіўся Іллюк. Хадкевіч.

3. Злучае сказы, звязаныя: а) прычынна-выніковай залежнасцю. За выключэннем моста, ніякай асаблівай аховы на чыгунцы не было яшчэ ў тыя часы, і падступіцца да чыгункі было параўнальна лёгка. Лынькоў. / У спалучэнні са словамі «таму», «ад гэтага» і пад. Чыстая глыбокая рэчка ў люстраной паверхні сваёй адбівае блакітнасць неба, і ад гэтага здаецца яна бяздоннай. Галавач; б) умоўна-выніковай залежнасцю. Знайдзі пачатак — і ты зразумееш шмат што. Мікуліч. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

4. Злучае сказы і члены сказа з супраціўнымі паведамленнямі. Крамарэвіч хацеў стаць на ногі і ўпаў у непрытомнасці. Чорны. Мы ранілі ногі аб камяні, І нам не было балюча. Панчанка.

II. пералічальны.

Злучае асобныя члены пералічэння, прычым можа стаяць перад кожным членам рада, у тым ліку і перад першым. Нібы на нейкім перавале, Стаю, гляджу назад з гары І бачу пройдзеныя далі, І шлях прамераны стары, І ўсё, што ззаду засталося, І ўсё, што знойдзена ўвясну. Колас. І шыла, і мыла, і прала, і ткала — усё языком. З нар. // Ужываецца толькі перад апошнім аднародным членам, паказваючы, што пералічэнне канчаецца. Чалавек быў моцнага складу, шырокай косці, плячысты і каранасты. Быкаў.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і асобныя члены сказа, якія дапаўняюць і развіваюць выказаную думку. Нейкі невыразны маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі. Колас. — Глядзі, Карл Пракопавіч, як вырасла твая сям’я. Калектыў, і якія героі ўсе! Адзін у адзін. Шамякін. // Далучае сказ, які з’яўляецца працягам або абагульненнем папярэдняга выказвання. Вобраз Ліды неадступна стаяў у вачах. І што найбольш глыбока запала ў сэрцы, гэта — апошні яе погляд. Колас. / У спалучэнні з часціцай «вось» («вот»). І вось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес. Колас.

2. У спалучэнні з папярэдняй паўзай паказвае на раптоўнасць, нечаканасць новага дзеяння. Новы дзень — і што-небудзь новае прыносіць венцяроўцам. Чарот. Першы мядзвейжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль.

3. Ужываецца ў пачатку некалькіх сказаў пры абмалёўцы паслядоўнага развіцця і змены падзей. Работу кончыў серп у полі, І лета хіліцца на спад, І плод у сонцавым падоле За агароджай спеліць сад. Колас.

IV. далучальна-ўзмацняльны.

У пачатку пытальных і клічных сказаў ужываецца для ўзмацнення выразнасці выказвання. Дайшла да .. [Журавінкі] учора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла. Што цяпер можна зрабіць? Лобан.

V. уступальны.

Ужываецца ў значэнні, блізкім да злучніка «хоць» («хаця»). І не складаная задача, а падумаць над ёй трэба. □ І пусты мех, а золатам шыты. З нар.

VI. вылучальны.

Падкрэслівае ўнутраную сувязь з’яў, падзей; ставіцца перад выказнікам, набывае значэнне слоў: тады, то, так што. — Словам, памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь і дадумацца. Колас.

•••

І гэтак далей гл. далей.

І іншыя (іншае) гл. іншы.

І падобнае гл. падобны.

і 3, часціца ўзмацняльная.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсу таго слова, перад якім стаіць. І працаваў жа ён! Ну і пагодка ж сёння! Аб гэтым і трэба падумаць. □ — Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка! Колас.

2. Вылучае, падкрэслівае наступнае слова; па значэнню адпавядае часціцы «нават». Без газет Андрэй Давыдавіч не мог і дня пражыць. Корбан. Воўк і лічанае бярэ. Прымаўка. І сцены вушы маюць. Прыказка.

3. Адпавядае па значэнню часціцы «таксама». Будзе і на нашай вуліцы свята. Прымаўка.

•••

Вось табе і... гл. вось.

Вось табе і маеш! гл. вось.

Вось табе і на! гл. вось.

Вось табе і раз! гл. вось.

І кончана гл. кончана.

І так — без таго; без гэтага. Дзяцей трэба вызваліць ад работы: яны і так стаміліся.

І то — нават. [Антаніна Пятроўна:] У цябе талеркі і то ляцяць з рук, а аўтамабільныя дэталі гэта табе не талеркі. Крапіва.

і 4, выкл. (часта вымаўляецца працяжна).

1. Выражае высокую ступень якога‑н. пачуцця. І — божа мой! — якім духмяным Павее водарам яна [скарынка хлеба]! Глебка.

2. (звычайна ў пачатку рэплікі). Выражае нязгоду, пярэчанне словам субяседніка. — І-і-і, браце, усё гэта не так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)