смерд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. У старажытнай Русі — селянін-земляроб, які быў у феадальнай залежнасці. Т. Шаўчэнка і Янка Купала збліжаюць лёс княгіні з лёсам .. жонк[і] селяніна-смерда, які загінуў у час паходу. Палітыка. // Зневажальная, пагардлівая назва, якой карысталіся прыгоннікі ў адносінах да простага люду. [Еган да Скарыны:] Вось і сядзі ў яме, смерд пышлівы! Клімковіч.
2. перан. Даўней — нязнатны чалавек, чалавек з простанароддзя. Пеўнік не ведаў, што дзяўчына была пляменніцай самога епіскапа, што Лату смяротна і небяспечна было быць там, дзе яна, бо ён смерд. Караткевіч. Князь тут дняваў і начаваў — Абы далей ад свецкіх спраў; Хадзіў, як смерд, без жупана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Смяртэ́льны ‘смяротны, смертны’ (ТСБМ, Нас.), ‘невыносны (пра боль)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж смяртэ́льнічкі ‘абутак для нябожчыка’ (там жа), смерце́льно ‘смяротна’, смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.), ‘незапамінайка’ (Жд. 2), ст.-бел. смертелный (смертельный) ‘смяротны’. Запазычана з ст.-польск. śmiertelny ‘тс’, што ў сваю чаргу з ст.-чэш. smrte(d)lný ‘тс’, якое тлумачыла лац. mortalis ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 57; Булыка, Лекс. запазыч., 196; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 381). З той жа крыніцы, відаць, праз старабеларускую, рус. смерте́льный ‘тс’ (Віткоўскі, Słownik, 175; Фасмер, 3, 685). Народнае смяро́тны ‘смяртэльны, смертаносны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Растарг.) утворана ад *смерота, параўн. экспрэсіўнае (табуізаванае?) смяро́тка ‘смертухна’ (Ласт., Некр. і Байк.), што да смерць (гл.). Непасрэдныя ўтварэнні ад апошняга смярце́нны ‘смяротны’ (Ян.), сме́ртны ‘тс’ (ТСБМ), ст.-бел. смертныи (смерʼтныи) ‘тс’ (Альтбаўэр).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)