Пла́каць, пла́каці, пла́катэ, пла́кыць, пла́кацца ’праліваць слёзы ад болю, гора і пад.’, ’завываць, скуголіць, жаліцца’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС; ашм., Стан.; міёр., Нар. лекс.), ’аплакваць’ (ашм., Стан.), ’галасіць па нябожчыку’ (Сцяшк. Сл.), ’пацець (пра шкло)’ (ветк., Мат. Гом.). Укр. пла́кати, рус. пла́кать, польск. płakać, płakać (kogoś) ’аплакваць’, палаб. plokăt, н.-луж. płakaś, в.-луж. płakać, чэш. plakati, славац. plakať, славен. plákati, серб.-харв. пла̏кати, макед. плаче, балг. пла́ча, ст.-слав. плакати сѧ ’аплакваць, плакаць’. Прасл. *plakati sę ’біць сябе ў грудзі ў знак раскайвання або смутку ці жалю’ < і.-е. *plāk‑/*plōk‑: літ. plàkti ’біць, сячы, лупцаваць, хвастаць’, plõkis ’удар палкай, розгай’, лат. placinât ’тачыць’, ’плюшчыць’, ’адбіваць’, ст.-грэч. πλήσσω ’таўчы’, ’біць’, дарычн. πλαγά ’ўдар’, лац. plango ’біць сябе ў грудзі, моцна наракаючы’, гоц. flokan, перфект faíflōkun ’аплаквалі’, ст.-в.-ням. fluohhôn ’праклінаць, ганіць’ (Фасмер, 3, 272; Махэк₂, 453; Бязлай, 3, 46; Банькоўскі, 2, 616). Сюды ж: плакам плачучы, плачо́м плакацьслёзна, плачучы, наракаючы са скаргай’, плаклі́вы ’плаксівы’, ’жаласны’ (Нас.; Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

залі́цца 1, ‑лью́ся, ‑лье́шся, ‑лье́цца і ‑лію́ся, ‑ліе́шся, ‑ліе́цца; пр. залі́ўся, ‑ла́ся, ‑ло́ся; заг. зался; зак.

1. Пакрыцца вадой або другой якой‑н. вадкасцю; затапіцца. Ракой з вадаспадам заліўся пакат. Купала. // перан. Пакрыцца чым‑н. выступіўшым на паверхню. — Пойдзем пасля працы на праспект, — нечакана вымавіў Антон, і чырванню заліўся яго шырокі хлапецкі твар. Кавалёў. // перан. Напоўніцца чым‑н. Пакой заліўся яркім святлом. Чорны.

2. Разм. Абліць сябе, абпэцкацца чым‑н. вадкім. Дзіця залілася супам.

3. Пранікнуць, прасачыцца куды‑н. (пра вадкасці). Вада залілася за каўнер.

4. Разм. Захлынуцца. Пакуль выратоўвалі коней, адзін з іх заліўся. Корбан.

•••

Заліцца (горкімі) слязамі — пачаць горка, слёзна плакаць.

Заліцца кроўю — абкрывавіцца, зацячы кроўю, будучы параненым, пабітым і пад.

Заліцца потам — дужа спатнець ад спёкі, цяжкай працы і пад.

Хоць заліся — надта многа, колькі хочаш чаго‑н. Малака — хоць заліся.

залі́цца 2, ‑лью́ся, ‑лье́шся, ‑лье́цца і ‑лію́ся, ‑ліе́шся, ‑ліе́цца; пр. залі́ўся, ‑ла́ся, ‑ло́ся; заг. залі́ся; зак.

Пачаць ствараць пералівістыя гукі; зайграць, заспяваць, засмяяцца і пад. звонка, з пералівамі. Запішчэла скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. Зальюцца жаваранкі хорам, І песні моўкнуць па-над борам. Колас. — Я ж замужняя! Ха-ха-ха! — залілася гучным смехам Каця. Ваданосаў.

•••

Заліцца салаўём — загаварыць пра што‑н. з запалам, красамоўна.

залі́цца 3, зо́ліцца; незак.

Зал. да заліць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)