інтэрпеля́цыя, ‑і, ж.
Спецыяльны запыт дэпутата (дэпутатаў) парламента ўраду або міністру, па якім пасля спрэчак прымаецца рашэнне. Беларуская сялянска-работніцкая грамада падала ў польскі сейм інтэрпеляцыю пра катаванні і пабоі трох арыштаваных дэфензівай сялян у Саколцы. Дубоўка.
[Ад лац. interpellatio — перапыненне прамовы; скарга перад судом.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2-3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сею́м ‘бяседа’ (бяроз., Шатал.). Відавочна, народная пераробка слова сейм (гл.). Параўн. посемова́ты ‘пагаманіць, параіць’ (там жа). Параўн. таксама рус. алан., арх. су́йма, суём ‘сход, людскі сход для размовы аб справах’, якое, паводле Фасмера, 3, 797, ад *sǫ‑ і *jьmъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ро́каш, ст.-бел. рокошъ ’бунт, мяцеж’ (XVI ст.). Відаць, праз ст.-польск. rokosz ’нарада, перамовы’, ’сейм, з’езд’, ’бунт’, якое з венг. Rákos ’поле ў Венгрыі, дзе адбываліся сходы сойму’ > ’(у Рэчы Паспалітай) узброенае выступленне, паўстанне шляхты супраць караля пад лозунгам абароны вольнасцей’, ’бунт, мяцеж’, ’шляхецкі з’езд, сеймік’ (SWO, 1980, 653).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)