трыбалюмінесцэ́нцыя, ‑і, ж.

Свячэнне цел у час іх трэння, разлому, раздаўлівання і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ззя́нне, -я, н.

1. гл. ззяць.

2. Яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым-н.

Сонечнае з.

У ззянні славы (перан.).

Паўночнае ззяннесвячэнне высокіх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фасфарасцэ́нцыя, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць некаторых рэчываў свяціцца пры абпраменьванні, а таксама пасля спынення яго. // Свячэнне, якое выклікаецца пэўнымі бактэрыямі. Фасфарасцэнцыя мора.

[Ад грэч. phōs — святло, phoros — які нясе і лац. escentia — суфікс, які абазначае слабае дзеянне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жухаце́ць ’гарэць, свяціць’ (клец., любан., Жыв. сл.). Значэнне ’гарэць’ прадстаўлена ў шэрагу слоў на жу‑: жураць, жуляць, жураць (гл.). ‑х‑ тлумачыцца, відаць, экспрэсіўным пашырэннем кораня; ‑ац‑ адлюстроўвае суфікс ‑ot‑ са знач. ’аддзеяслоўная якасць’, ’гарэнне, свячэнне’; ‑ě‑ti > ець. Не выключана і прамое далучэнне суфікса ‑ацець (параўн. грукацець, тупацець, шапацець, бразгацець, ляскацець з гукавымі значэннямі). Гл. зіхацець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ззя́нне, ‑я, н.

1. Роўнае, звычайна яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н.; бляск, свячэнне. Сонечнае ззянне. Ззянне месяца. □ Абліта ззяннем зорак росная паляна. Бядуля. Здавалася, ад залатога ззяння лістоў кладзецца святло на парканы, зямлю, будынкі. Даніленка. // Арэол, светлы круг вакол чаго‑н. Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем, разлівачны коўш. Карпаў. // перан.; чаго. Веліч, слава, сіла. У ззянні перамогі нашай Ён [Каліны] уваходзіць з намі ў ранне камунізма. Зарыцкі.

2. перан. Радасна-ўзбуджаны, шчаслівы выраз (вачэй, твару). Веры н[я]цяжка заўважыць на Ігнатавым твары ўрачыстае ззянне. Мікуліч.

•••

Паўночнае (палярнае) ззяннесвячэнне верхніх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.

2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́мпа, ‑ы, ж.

1. Прыбор для штучнага асвятлення з дапамогай электрычнага току, спальвання газы, нафты і пад. Настольная лямпа. □ На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. Колас. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся ўгары ад сціснутага паветра, міргалі. Васілевіч.

2. Прылада для асвятлення або награвання спецыяльнага прызначэння на розных вытворчасцях. Паяльная лямпа. Шахцёрская лямпа.

•••

Катодная лямпа — устарэлая назва электроннай лямпы.

Кварцавая лямпа — электрычная лямпа ў выглядзе невялікага балона з кварцавага шкла для атрымання ультрафіялетавых прамянёў, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і інш.

Лямпа дзённага святла — разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы, якая выпраменьвае святло, падобнае на дзённае.

Лямпа напальвання — электрычная лямпа, крыніцай святла якой з’яўляецца свячэнне напаленай токам тугаплаўкай, звычайна вальфрамавай ніці.

Неонавая лямпа — крыніца аранжава-чырвонага святла, якое выпраменьваецца ў выніку электрычнага разраду паміж электродамі ў неоне, якім запоўнена лямпа.

Электронная лямпа — вакуумная прылада для атрымання або ўзмацнення электрамагнітных ваганняў, якая прымяняецца ў радыётэхніцы, тэлемеханіцы і пад.

Электрычная лямпа — тое, што і лямпа напальвання.

[Фр. lampe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)