Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,
аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ,
свячэнне ў вадкасці пры акустычнай кавітацыі. Вельмі слабае, робіцца бачным пры значным узмацненні або ў поўнай цемнаце. Узнікае пры моцным награванні газу і пары ў кавітацыйным пузырку, якое адбываецца ў выніку адыябатычнага сціскання пры яго захлопванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЭНСКІ ЗАЛІ́Ў,
у Аравійскім м., паміж п-вамі Аравійскім і Самалі. Баб-эль-Мандэбскім пралівам злучаецца з Чырвоным м.Даўж. каля 900 км, шыр. да 300 км, глыб. да 4525 м. Рэльеф дна рэзка расчлянёны. Характэрна інтэнсіўнае свячэнне вады на паверхні заліва. Прылівы паўсутачныя, выш. да 2,9 м. Гал. порт — г.Адэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,
слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),
род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл.жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.
Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл.Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.