стесни́тельно нареч.

1. ця́жка; невыго́дна; абмежава́льна;

2. сарамлі́ва, нясме́ла; см. стесни́тельный;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ізумру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ізумруду. Ізумрудныя капальні. Ізумрудны бляск. // Зроблены з ізумруду; з ізумрудам (ізумрудамі). Ізумрудны пярсцёнак.

2. Колеру ізумруду, ярка-зялёны. Нясмела паблісквае ізумруднае лісце, сарамліва хаваючы бледную чырвань брусніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі скупы. Як і ўсякі руплівы і дбайны гаспадар, .. [Жданковіч] быў у душы скупаваты, хоць сарамліва і хаваў гэтую сваю якасць. Шамякін. Але Сцяпан скупаваты на словы і толькі пазірае ва ўпор на.. [Лёньку] адным вокам. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намудры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм. Тое, што і намудраваць. — Вось паглядзі, што мы тут намудрылі, — як бы сарамліва заўважыў .. [Платон Галавач], паказваючы на шырокі разгорнуты ліст паперы на стале. Хведаровіч. Выгнуліся гэтыя два дрэўцы, утварылі арку, а тады ўжо чаго толькі не намудрылі на гэтай арцы снег з марозам! Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надава́ць 1, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце.

Незак. да надаць (у 1–4 знач.).

надава́ць 2, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце; зак.

Разм.

1. чаго. Даць нейкую колькасць чаго‑н. за некалькі прыёмаў. Надаваць рэчаў. Надаваць лякарства. □ Сарамліва, але добра пераказаў .. [Ігнась] вывучаны верш, і за гэта настаўніца надавала яму падарункаў. Мурашка.

2. Пабіць. Надаваць па карку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніякава́та, прысл.

Разм.

1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.

2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.

2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.

3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вае́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вайной. Ваенныя падзеі, планы, дзеянні. Ваенная тайна. Ваенны час. Ваенны канфлікт. // Заснаваны на законах вайны. Ваеннае становішча. // Прызначаны для патрэб вайны. Ваенны завод. Ваенная тэхніка. Ваенная база.

2. Які мае адносіны да арміі, звязаны са службай у арміі. Ваенная прысяга. Ваенная служба. Ваенная справа. Ваеннае вучылішча. Ваеннае ведамства. Ваенны парад. Ваенная трывога. // Такі, як у арміі. На станцыю з.. ваеннай дакладнасцю прыбывалі санітарныя цягнікі. Карпаў. // Які ўласцівы ваеннаслужачаму, належыць яму. Ваенная выпраўка. Ваенная форма.

3. у знач. наз. вае́нны, ‑ага, м. Ваеннаслужачы. А Даша, Даша-нявестка, сарамліва, і з нейкім наіўным здзіўленнем пазірала на ваеннага, быццам не давала сабе веры, што гэта той самы небарака Геня. Ракітны.

•••

Ваенны камунізм гл. камунізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкла́сціся, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.

1. Наблізіцца да сутыкнення чым‑н. (вокам, тварам, рукой і пад.) да чаго‑н. [Таццяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзлай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам. Шамякін. Ні шклянкі табе, ні кубка Ніхто тут не паднясе. І хлопцы ўдвух да дзюбкі Прыклаліся па чарзе. Нядзведскі.

2. Спец. Прыняць неабходнае для прыцэльвання становішча. Саша прыклаўся да кулямёта і выпусціў доўгую чаргу. Новікаў.

3. да чаго. Разм. Накіраваць сваё дзеянне, сілы на што‑н. Добра прыкласціся да пілы. □ Толькі прыкладуся алоўкам да паперы: хрусь — зламаўся. Асіпенка.

4. Разм. Выпіць, з’есці чаго‑н. Прыкласціся да каўбас. □ [Карэспандэнт:] — Дзякую, дзякую, Генадзь Іванавіч. Давайце спачатку зробім справу, а потым можна і да чаркі прыкласціся. Сабаленка. Лёнька кінуў круціцца на бервяне, сарамліва абцёр вусны і прыклаўся да вядра. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)