шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Старшая медыцынская сястра. Старшы навуковы супрацоўнік. Старшы пілот. □ Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў.

2. у знач. наз. ста́ршы, ‑ага, м.; ста́ршая, ‑ай, ж. Той, хто стаіць на чале якой‑н. групы людзей; начальнік. Трэба выбраць старшага, — сказаў .. [Красуцкі]. — Магчыма, я буду адлучацца, ён мяне заменіць. Навуменка. Над паляўнічымі ў раёне .. [Булка] быў старшы: правяраў білеты, прысылаў позвы. Пташнікаў. — Ага, Ланкевіч, — заўважыў яго старшыня. — Добра, што прыйшоў. Бяры харчу на тыдзень і зараз жа паедзеш на аб’ект. Стаўлю цябе старшым. Асіпенка.

3. Такі, які блізкі да выпуску, да заканчэння вучобы (пра клас, курс і пад. у навучальнай установе). Вучні старшых класаў рабілі кармушкі для птушак, шпакоўні. «Беларусь».

•••

Старшы лейтэнант гл. лейтэнант.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».

3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Пачаць перамяшчацца ў паветры; адправіцца паветраным шляхам ў пэўным кірунку. Птушка пырхнула з лодкі і паляцела. Брыль. Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Чарнышэвіч. Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Пад роднай старонкай. Купала. // Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, словы, голас і пад.). Гул глухі паляцеў ад сасны. Куляшоў. / Пра думкі, мары і пад. Раптам кінула .. [Кузьму] у жар, паляцелі адзін за адным абрыўкі думак. Нікановіч.

2. Накіравацца ад штуршка ў паветра, разляцецца ў паветры. Потым паляцелі ўгору шапкі, узбуджаныя выкрыкі разлегліся далёка ў наваколлі. Дадзіёмаў. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Колас.

3. перан. Разм. Пачаць хутка перамяшчацца; хутка пайсці, пабегчы, паехаць і пад. Петрык здагадаўся — трэба вады! Ён, як вецер, паляцеў да рэчкі. Гамолка. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Колас.

4. Разм. Не ўтрымаўшыся ў якім‑н. становішчы, зваліцца, упасці. Зямля скаланулася.. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў. Сігануў [Шура ў маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Ставер. // перан. Быць знятым, звольненым з пасады. [Курловіч:] — Мне трэ[ба] было сем галоў мець, каб дастаць такое абсталяванне. Праз яго я траха з дырэктарства не паляцеў, а вы — ліквідаваць. Скрыган. І каб не стаж, не багаты вопыт, паляцеў бы тады Высоцкі з пасады лесніка. Кірэйчык.

5. перан. Быць спешна пасланым, адасланым. Неўзабаве ў раён паляцела паперка. Ваданосаў. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

6. Пачаць хутка праходзіць (пра час). Паляцелі сумныя аднастайныя дні. Асіпенка.

7. Разм. Зламацца, стаць непрыгодным. [Мікола:] — Што здарылася, дзядзька Клім? — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Усе амаль зубцы паляцелі. Кавалёў. [Шамяток:] — У працэсе работы заклёпка знасілася і паляцела. — Куды паляцела? — не зразумеў Міша. — Ну, зламалася. Цяпер трэба на яе месца паставіць новую. Курто.

•••

Паляцець носам — упасці тварам уніз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)