штурва́л, ‑а, м.
Рулявое кола, паваротам якога кіруюць суднам, самалётам і інш. машынамі. Ля штурвала ў рубцы застыў рулявы. Даніленка. Бывала, у полі.. [Паходня] садзіўся на нейкі час за рычагі трактара ці штурвал камбайна. Хадкевіч.
[Гал. stuurwiel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кармавы́ 1, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да корму. Кармавая база. Кармавая вартасць сена. // Які служыць кормам, прыгодны для корму. Кармавыя буракі. Кармавыя травы. // у знач. наз. кармавы́я, ‑ых. Кармавыя культуры. Мяркуецца пачаць асушку балота пад пасевы кармавых. Дуброўскі.
•••
Кармавыя дрожджы гл. дрожджы.
кармавы́ 2, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да кармы, знаходзіцца на карме. Кармавая частка судна. Кармавое вясло. Кармавы флаг.
2. у знач. наз. кармавы́, ‑ога, м. Матрос, які працуе на карме; рулявы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурва́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.
2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Карма́ 1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*ku̯ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).
Карма́ 2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.
Карма́ 3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма 2 і карма 3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)