пальча́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Рукавіца з аддзяленнямі для кожнага пальца.

Скураныя пальчаткі.

Кінуць пальчатку каму-н. (таксама перан.: выклікаць на барацьбу, на спаборніцтва — сімвал выкліку на дуэль у мінулым). Баксёрская п. (прадмет рыштунку баксёра). Першая п. (перан.: пра лепшага баксёра).

|| прым. пальча́ткавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Іспо́дка, звычайна мн. іспо́дкі ’вязаныя рукавіцы’ (Нас., Касп., Бяльк.), іспо́дка, іспо́ткарукавіца’ (Гарэц., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.; дзісн., Нар. сл., 113), іспо́ткарукавіца з адным пальцам’ (докш., Янк. Мат., 72; ДАБМ, к. 333). У рускіх гаворках испо́дка́ ’вязаная рукавіца, якая звычайна надзяваецца падыспад другой — скураной рукавіцы’. Ст.-рус. исподки ’ніжнія рукавіцы, панчохі, якія надзяваюцца падыспад другіх (верхніх)’ адзначана з XVI ст. Назва звязана з тым, што ісподкі надзяваюцца падыспад другіх (верхніх) рукавіц, пашытых звычайна са скуры ці аўчыны (гл. Груцо, Бел. мова, 1965, 130). Кандэнсат словазлучэння ісподнія рукавіцы. Гл. ісподні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рукаві́цы, ‑віц; адз. рукавіца, ‑ы, ж.

Адзенне на кісці рук з аддзелам звычайна толькі для вялікага пальца. У кажуховых рукавіцах, Падперазаўшы свой бушлат, Ідзём змяніць на будаўніцтве Сваіх сяброў з другіх брыгад. А. Александровіч. Спрытна перабіраючы пруткамі, [цётка Мар’я] вязала рукавіцу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рука́ўкарукавіца’ (Касп.), руко́ўка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. гіст. rękawka ’магіла — капец з пяску, што прыносяць у рукавах’ (Віл. сл.). Гл. рука.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Махна́шка, махну́ша, махнушка ’галавешка’ (Жд. 1; навагр., карэліц., З нар. сл.), смал. мохнышка. Да махна́ты (гл.). Параўн. аналагічна ўтвораныя рус. арх. мохнушка, мохнуша ’касмыль, пасма, жмут’, ’рукавіца з касматай скуры’, пск. ’кудлаты сабака’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пальча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Рукавіца з аддзяленнямі для кожнага пальца. Маёр высока падымае бровы, крывіць ўсмешку і, надзеўшы пальчаткі, ідзе на сяло. Скрыган. Скінуўшы скураныя пальчаткі і ўзняўшы вышэй на лоб чорную вушанку, .. [Лёнеў бацька] прывітаўся з паляўнічымі. Ваданосаў. // Уст. Металічны футляр, які надзяваўся рыцарам на руку ў час бітвы.

•••

Кідаць пальчатку гл. кідаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́шмала, ву́шмъла ’пра чалавека (звычайна пра хлопчыка) з насунутай на вочы шапкай’ (мядз., міёр., Малько, вусн. паведамл., З нар. сл.), ву́шмалы ’вушы’ («дам па вушмалах», КСП). Падабенства да літ. ãšmalasрукавіца з футра’, нягледзячы на семантычную аддаленасць, прымушае бачыць тут запазычанне, аднак сувязь з ву́ха, ву́шы не выклікае сумнення; экспрэсіўным характарам слова, відаць, тлумачыцца рэдкая суфіксацыя (інфікс ‑ма‑, як у таўсма́ты < тоўсты, параўн. вушлаты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які складае з кім‑, чым‑н. пару (у 1 знач.). Парная рукавіца. Парныя боты. □ Па вёсцы хадзілі парныя патрулі. Сабаленка. // Які складаецца з дзвюх аднолькавых частак. Коні ходзяць папарна.. ў парных баронах «зігзаг». Брыль. На пагорку ў ельніку праскакала спуджаная казуля, парныя сляды яе нагадвалі [праткнутыя] тонкай палкай дзіркі. Ляўданскі. // Размешчаны парамі, папарна. Парныя лісты.

2. Запрэжаны парай коней; прызначаны для запрэжкі парай коней. Паскрыпваючы рысорамі, лёгка праляцеў карны фаэтон Гунава. Самуйлёнак. Каня, што дрыжаў ад сцюдзёнай вапны,.. запраглі ў парныя сані аднаго. Корбан.

3. Які выконваецца, робіцца парай, парамі. Парны палёт. Парны разрад. □ Выконваецца гэты парны народны танец [балеро] і ва ўмераным і ў вельмі хуткім тэмпе. «Маладосць».

•••

Парны лік гл. лік.

па́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Душны, насычаны вільгаццю. Надыходзіла парная хмурная майская ноч — яўны прадвеснік навальніцы. С. Александровіч. Сонца адышло ад зямлі .. і настылая за ноч зямля дыхнула ў твар парным, цёплым духам. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нагаві́цы ’штаны’ (ТСБМ, жлоб., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; слуц., ганц., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’рукавіцы’ (докш., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. ногавиці ’штаны суконныя’, ногавиця ’калашына’, рус. нога́вицы, ногави́цы ’шкарпэткі, гамашы’, ногави́цы ’частка адзення ці абутку, якая прыкрывае калені і галёнкі’, ’рукавіцы без пальцаў, каб рваць каноплі ці лён’, польск. nogawicy ’штаны’, ’панчохі, шкарпэткі’, nogawica ’калашына’, чэш., славац. nohavice ’калашына’, ’штаны’, в.-луж. nohajcy ’панчохі’, н.-луж. nogawica ’штаны’, славен. nogavica ’панчоха, шкарпэтка’, серб.-харв. но̀гавица ’калашына’, балг. нога́вици ’абмоткі з казінай шкуры, якія надзяваюцца пастухамі для аховы ног ад калючак’, макед. ногавица ’калашына’. Прасл. *nogavica, вытворнае ад noga, паводле Махэка, па ўзору rǫkavica (< rǫkavъ), паколькі адсутнічае прыметнік *nogavъ (Махэк₂, 401); развіццё семантыкі ад першапачатковага ’тое, што надзяваецца на нагу’ да ’штаны’; спецыфічнае для ўсходнеславянскіх гаворак значэнне ’рукавіца’, відаць, вынік пераносу назвы па функцыі (’тое, што служыць для аховы канечнасцей’) — ці не перажытак старога сінкрэтызму назваў, што абазначалі адначасова і верхнія і ніжнія канечнасці, параўн. лат. nagas ’рукі і ногі’ і інш.? Гл. таксама ганаві́цы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца, разгарнуцца (пра пупышкі, кветкі, лісты). На тонкіх рабенькіх бярозках абапал гасцінца вось-вось павінны распусціцца клейкія зубчастыя лісточкі. Брыль. На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр. // Пакрыцца лістамі, кветкамі, коцікамі (пра расліны). А Толік сам сабе дзівіўся: Чаму так хутка распусціліся тыя бярозы? Некалькі ж дзён назад пад вясновым ветрыкам трымцелі толькі пупышкі. Даніленка. // Разм. Разгарнуцца (пра што‑н. згорнутае, складзенае). Спачатку .. [пакунак] ляцеў шпарка ўніз, потым распусціўся белым парасонам, пад якім, нібы на качэлях, загойдаўся чалавек. Якімовіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расплесціся, развіцца (пра што‑н. заплеценае). Каса распусцілася. // Раскідацца, ператварыцца ў ніткі (пра вязаныя рэчы). Рукавіца распусцілася. // Развязацца. Воз распусціўся. Вяроўкі распусціліся.

3. Разм. Пачаць весці сябе непрыстойна; даць волю сваім пачуццям, настроям. Бабы старыя плёткі па сялу пусцілі, што распусцілася ў горадзе Ніна, гуляць з усімі стала, а цяпер ад таго хварэе. Галавач. // Стаць распушчаныя, раздураным, недысцыплінаваным. [Супрон:] — Я хацеў сказаць, Макар Сымонавіч, што вы гэткі добры чалавек, дык трэба было, каб сын да нейкай работы прылаўчаўся. Куды ж гэта, распусціцца, разбазырыць. Ермаловіч. [Мар’я:] — Вось я скажу настаўніку, дык ён за цябе возьмецца. Распусціўся за лета, як пуга... Васілевіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі або напаўвадкі стан. Воск распусціўся. // Разысціся ў якой‑н. вадкасці. Соль распусцілася ў вадзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)