раката́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ракатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Раніцой Ілонку разбудзіла гучнае ракатанне матора. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фіззара́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Фізічная зарадка. Раніцой, перад пачаткам работы, арцельшчыкі ахвотна праводзілі фіззарадку. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ву́трэнь ’ранняя служба ў царкве’ (КСТ), ву́тріня ’тс’ (Бяльк.), укр. ву́треня ’тс’, рус. бранск. ву́трын ’тс’. Ад ц.-слав. оутрьнь ’ранні, ранішні’ або въ оутрьнии ’зранку, раніцой’; параўн. таксама балг. ву́трин, ву́трина, ву́тирна ’раніца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́ўтра, за́ўтрае ’ў наступны дзень’. Рус. за́втра, дыял. за́втро, за́втре, за́втрее, за́втрие, укр. за́втра ’тс’ в.-луж. zajutřa ’раніцой’, н.-луж. zajtša, zajtšo ’раніцой; заўтра’, палаб. zojautră/zojaitră, jautră ’тс’, чэш. zítra, zejtra, славац. zajtra, славен. zájtra, серб.-харв. за̀јутарје ’тс’ макед. заутре ’паслязаўтра’. Ст.-слав. заоутра ’заўтра’. Ст.-рус. заутра, завтра, заутра ’заўтра, з раніцы’ (XIV ст.). Прасл. za + р. скл. utro: zautra ці utrije (< utr + ‑ij‑e): zautrija з пэўнымі фанетычнымі зменамі (u > ў) і кантамінацыяй абедзвюх форм у заўтрае. Праабражэнскі, 1, 240; Фасмер, 2, 73; Шанскі, 2, З, 21–22; Махэк₂, 707; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 393. Прасл. utro, jutro ’раніца’ не мае агульнапрынятай дакладнай этымалогіі (параўноўваюць з літ. aušrà ’зара’ і з шэрагам інш. і.-е. слоў, аднак недастаткова абгрунтавана). Гл. Фасмер, 4, 176.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
тугаду́м, ‑а, м.
Разм. Той, хто не можа хутка думаць, разумець. Выхваляўся тугадум: Маю сорак тэм-задум!.. Але вось бяда і гора. Што няма дагэтуль твораў. Шушкевіч. Вырашыў [Шыковіч] пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб’ектыўны і разумны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для пасылкі куды‑н., для выканання якіх‑н. даручэнняў. Пасыльная машына.
2. у знач. наз. пасы́льны, ‑ага, м.; пасы́льная, ‑ай, ж. Тон (тая), хто пасылаецца з якім‑н. даручэннем; рассыльны. [Начдыў:] Таварыш пасыльны! Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа. Крапіва. Перад заходам сонца Сільцоў праз пасыльнага выклікаў Арсеня да сябе. Хадкевіч. Неяк раніцой, у самым пачатку кастрычніка, з пошты прыбегла пасыльная і прынесла бацьку Рыгоркі тэлеграму. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.
1. Лецячы, прыбыць куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Птушкі прыляцелі. Самалёт прыляцеў. □ Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Гляджу на бярозу я кожнае ранне — А мо прыляцелі шпакі? Панчанка. Снарад упаў каля дарогі неспадзявана — прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Чыгрынаў. // Данесціся (пра гукі, шум і пад.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. // перан. Хутка дайсці, распаўсюдзіцца. Шырокім шляхам прыляцела ў вёску чутка аб рэвалюцыі. Краўчанка.
2. Разм. Хутка прыбегчы, прыехаць. — Мабыць, прачуў, што млын твой апошнія дні дажывае, вось і прыляцеў ні свет ні зара? Асіпенка. У той жа дзень .. [Дзямід Сыч] раніцой першы прыляцеў на ферму. Паслядовіч. З самага ранку прыляцеў на матацыкле старшыня сельсавета Павел Туравец. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.
2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́цца 1, маюся, маешся, маецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць у наяўнасці; знаходзіцца; існаваць. Уласна кажучы, рашэнне магло быць і было толькі адно: ісці, не губляючы ні адной хвіліны дарэмна, ісці, пакуль маецца непарушны запас харчоў. Шамякін. [Аксіння:] — Ды мы, сынок, не былі б у крыўдзе, каб у цябе і сакрэты якія меліся... Лынькоў.
2. Адчуваць сябе. — Як маешся? — разглядаючы вільготнымі вачыма сябра .., спытаўся .. [Цімка]. Карпаў. Раніцой, перад пачаткам урокаў, Клава заглянула ў школьны сад: як там маюцца яе бярозкі? Якімовіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з інф. Аб тым, што павінна быць. Меўся распачацца справаздачна-выбарчы сход прафсаюзнай арганізацыі. Карпюк. // Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. Кафедра мелася рэкамендаваць кандыдатаў у аспірантуру. Шахавец. З дому Косця меўся ехаць крадком, але перад бацькам нібы прагаварыўся. Адамчык.
•••
Мецца на ўвазе — меркавацца, падразумявацца.
ме́цца 2, нескл., н.
Разм. Тое, што і мецца-сапрана.
[Іт. mezzo — сярэдні.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбу́н, ‑а, м.
Абл.
1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.
2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.
3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.
4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.
5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)