Мурцоўка ’цура (хлеб з квасам)’ (Касп., Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС; в.-дзвін., полац., Нар. сл.), ’страва з пакрышанага хлеба ў вар’ (КЭС, лаг.), ’яечня з мукою’ (Шат.), ’каша з ячных круп’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’страва з цёртага канаплянага семя, вады, хлеба, солі і алею’ (Бяльк.), бяроз. ’рулі’ (Вешт.), мурсоўка ’зацірка з мукі, вады і алею’ (Ян.), мурцы́ ’цура (кавалачкі хлеба, вада, соль)’ (даўг., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. mùrtiразмакаць’, mirksóti ’мокнуць’: першапачаткова цуру рубілі з чэрствага, сухога хлеба, які размочвалі ў вадзе. Параўн. таксама рус. разан., новасіб. мочёнка, мо́ченка ’цура’. Аналагічна Вештарт (Бел.-рус. ізал., 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžtiразмакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рза1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrtiразмакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwaty ’шэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)