лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.

2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.

3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.

•••

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́скаць1, лу́скыць, луска́ць, лу́скатэ ’лушчыць, раскусваць, разгрызаць, есці з хрустам’ (ТСБМ, Растарг., Юрч.; віл., докш., кам., драг., Сл. ПЗБ). Укр. лу́скати, рус. пск., смал., варон., дан. лу́скать, польск. łuskać, в.-луж. łuskać (worjechi), чэш. louskati, luskať, славац. lúskať, славен. lúskati, серб.-харв. љу̏скати (се), luskati (beči), балг. люскам. Прасл. luskati, утворанае ад luska > луска́ (гл.). Слаўскі (5, 353) лічыць малаімаверным вывядзенне прасл. luskati з lup‑skati (першаснага інтэнсіва на ‑sk‑), як мяркуе Махэк (ZfslPh, 29, 353–354).

Лу́скаць2, лу́скыць, лу́скаць ’патрэскваць, ламаючы што-небудзь сухое’, ’хрусцець (аб пальцах)’, ’трэскаць, лопаць’ (ТСБМ; ваўк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), (перан., іран.) ’забіваць, знішчаць’, ’піць, выпіваць’ (Юрч.), лу́снуць ’лопнуць, трэснуць’ (ТСБМ, Растарг., Сцяшк., ТС). Укр. лу́скати ’лопацца з трэскам’, ’удараць’, біць крыламі’, рус. лу́скать: пск., цвяр. ’біць’, ’шчоўкаць’, пск. ’лапатаць, балбатаць’, лу́снуть: кур. ’лопнуць’, наўг., пск., цвяр., калін. ’ударыць, стукнуць’, лу́снуцца ’ударыцца аб зямлю’; польск. łuskać ’злёгку патрэскваць’, ’шмат піць’, каш. nalëskac są ’налопацца, наесціся’, в.-луж. łuskać ’лопацца, патрэсваючы’, чэш. luskati ’шчоўкаць пальцамі’, louskati ’выдаваць трэск’, łuskač ’біць вошы’, славац. lúskať пстрыкаць, трашчаць’; славен. lúskati ’біць; бразгаць дзвярыма, ляскаць бічом’, серб.-харв. љу̏скати ’лупіць мячом’, ljuskati ’лапатаць, пляткарыць’, балг. люскам ’удараю, пляскаю; жлукчу, п’ю’, пірдопск. лускам ’б’ю, катую’. Прасл. luskati, якое ад lusъ!, luskъ! (Слаўскі, 5, 353–355; гэтак жа і Бязлай, 2, 157). Махэк₂ (344–345) лічыць luskati інтэнсівам, утвораным ад lupati. Аўтары БЕР (3, 581) мяркуюць, што лускаць1 і лускаць2 маюць адно і тое ж паходжанне (да luska).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)