Ве́тлівы ’ласкавы, далікатны, прыветлівы’ (БРС, КТС, Бяльк.), сюды ж вытворныя: ветліва (БРС, Гарэц., Яруш., КТС, Бяльк.), ветлівасць ’уласцівасць ветлівага чалавека’ (БРС, Гарэц., Яруш., КТС), укр. вітли́вий, паўд.-рус. ве́тливий ’прыветлівы, ласкавы; развязны, гаваркі’. У іншых слав. мовах не адзначаецца. Усходнеславянскае ўтварэнне ад ветлы (< větъ‑lъ) і суф. ‑ivъ, хаця ўжо ў ст.-слав. мове гэты суфікс успрымаецца, як ‑livъ (Сялішчаў, Старосл. яз., 2, 81).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разуха́бісты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Вельмі бойкі, развязны. З падножкі апошняга вагона махнуў рукой Ніне нейкі разухабісты хлопец. Васілевіч.

2. Напоўнены грубай весялосцю, ліхацтвам. Нават пануры Андрэй Андрэевіч.. і той не сцярпеў і, хапіўшыся за бакі, прыпадаў аж да самых нар ад разухабістага смеху і рогату. Лынькоў. [Заява] была мала абдуманая і трохі разухабістая. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фамілья́рны, ‑ая, ‑ае.

Развязны; бесцырымонны. Трэба думаць, фамільярнае «ты» было адной з рыс напускной грубасці маладога яшчэ работніка. Шынклер. Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі тон. Паслядовіч. // Такі, якому ўласціва развязнае, бесцырымоннае абыходжанне з кім‑н. З вышэйстаячымі.. [Чычыкаў] гаворыць ліслівай, угодлівай мовай, з ніжэйшымі ён фамільярны. «Полымя».

[Лац. familiaris — сямейны, блізкі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)