Вяснушка. Звычайна мн. л. вяснушкірабацінне’ (БРС, КТС; з 1954 г.). Відавочна, пранікла з рус. мовы. Да вясна́ (гл.). Сюды ж вясну́шкава́ты (БРС, КТС), вяснушкавы (КТС), вяснушчаты (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рабы́, ‑ая, ‑ое.

1. Не адной масці, пярэсты. Рабая свіння. □ Рабы .. [сабака] Пірат ляжыць побач са мною, выцягнуўшы да вогнішча дзве чыстыя лапы. Карамазаў. // Не аднаго колеру, пярэсты, з плямамі іншага колеру. Рабая посцілка. □ У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Справа на ўзгорку стаяў рабы ад ваеннай маскіроўкі будынак, глухі і пануры. Асіпенка.

2. З рабаціннем. Нос востры і ўвесь твар — адно рабацінне. Нават на руках рабацінне, — от да чаго [Лявон] быў рабы! Чарнышэвіч. Выглядаў .. [Верас] непрывабна: высокі, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Дамашэвіч. / у знач. наз. рабы́, ‑ога, м.; раба́я, ‑ой, ж. Назаўтра на рэчку я не пайшоў. Не хацелася болей сустракацца з рабым. Якімовіч.

3. З рабаціннем, дробным хваляваннем (пра паверхню вады). Дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.

•••

Абое рабое гл. абое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхлі́станы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхлістаць.

2. у знач. прым. Тое, што і расхрыстаны (у 2 знач.). Шустрыя хлопчыкі ў расхлістаных кажушках не прапускалі ніводных саней. Навуменка. Конік амаль увесь хаваўся ў жыце, а хлопец, бялявы, расхлістаны, ладны, у шэрай сялянскай кашулі, ледзь пагойдваўся, плыў над калоссем. Ракітны. На руках і расхлістанай грудзіне [немца] таксама рабацінне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ршаўлі мн. л. ’грузды’ (Сцяшк. Сл.). Імаверна, роднаснае да порхаўка (гл.), звязанае з порхлы ’рассыпісты’ ці з іншымі значэннямі слоў з аднаго гнязда з коранем порх‑ / поре-, такімі, як ’сыпаць, кідаць’, ’прарастаць’, ’выскокваць’, ’даваць парасткі’, ’лушчыцца’, параўн. рус. дыял. поршни ’высыпка прышчоў на твары’, чэш. дыял. peršaрабацінне’ (Мяркулава. Этимология- — 1970, 154). Магчыма, балтызм, параўн. літ. purslas ’пеністая сліна, pursti ’разбухаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяга́рка (пега́рка), мн. л. пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.), пыга́рка ’трохі падсмажаная ці падпечаная корка густой стравы або плеўка ў вадкай страве’ (драг., З нар. сл.), параўн. рус. калуж. пяга́рка з няясным значэннем. Відаць, ад пяга́ць ’пячы’: цэлы дзень пякотка пяга́е (жлоб., Мат. Гом.), дзе выступае варыянт кораня пяк‑ (гл. пекці, пячы) з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы; менш верагодна сувязь з пе́га ’пляма, рабацінне’, гл. пе́гаркі, пе́гі, або як вынік “спешчанага” (дзіцячага) вымаўлення прыстаўкі пры‑, параўн. піга́рка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́стаўка1 ’птушка Hirundo rustica L., Chelidon urbica і інш.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Грыг., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ла́стувка (Бес.), ла́стоўка (Кл.), ластавіца (Шн.), ла́стачка, шчуч. ластавачка ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́стівка, ластовиця, ласточка, гластівка, рус. ластка, ластовица, ластовка, ластуша, ст.-рус. ластовица, ластка ’тс’, ластунъ ’стрыж’; на сучаснай польск. тэрыторыі лексема сустракаецца толькі ў пагранічных з ЧССР і СССР дыялектах: палаб. lostěvaičă/lostovaićă, в.-луж. łastojčka, łastojca, łastolca, fastojnčka, głasiowica, чэш. vlaštovka, lašťovka, laštovice, hlaštověnka, ст.-чэш. vlasiovica, vlaštovica, lastovica, славац. lastovica, славен. lástovka, lástovica, hlastovica, старое lástavica, серб.-харв. ла́ста, lastac, ла̏ставица, ла̏стовица, lastova, макед. ласто́јца, ласта, љастовица, балг. ластавица, ластовица. Прасл. lasta, lastavica, lastovica (Слаўскі, 1, 513; Скок, 2, 274; Булахоўскі, 3, 244) і alstavica (Клепікава, ВСЯ, 5, 172–178). Агульнапрынятай этымалогіі няма. Міклашыч (161) гэту лексему этымалагічна суадносіць з літ. lė̃kti, lakstýti ’лётаць’, lakstùs ’хуткі’, лат. lèkt, lakstiĩt ’шчабятаць’, ’бегаць, скакаць туды і назад’. Таксама Фрэнкель (ZfslPh, 11, 45–47) і Фасмер (2. 463). Голуб-Копечны (419), Махэк₂ (694), Слаўскі (там жа) і Шустар-Шэўц (10, 763) мяркуюць, што ў аснове лексемы ляжыць анамата-экспрэсіўны пачатак (jaskotati, jaskati, ch‑lastati ’шчабятаць’, chlap‑ati ’стукаць, балбатаць’). Развадоўскі (RSPWF, 25, 441) прабуе звязаць яе з ірл. los, кімр. llost ’хвост’. Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 1962, 29) суадносіць з роднасным прасл. laska ’ласка, каханне’ і ласка, ласіца ’Mustela vulgaris’. Сапраўды, найбольш блізкімі аказваюцца такія лексемы, як бел. ласы, пад‑ласы ’белабрухі’, ’з белымі бакамі і грудзьмі’ < прасл. lasъ (гл. ласіца1). Сюды ж пераноснае ла́стаўкі, ла́стаўкерабацінне, вяснушкі’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́стаўка2, ла́стоўка, ла́стовочка, ла́сточка, ла́стачка, ла́стка, ла́сткі ’ўстаўка ў штанах ці портках’ (Грыг., Жд. 1, Сакал., Касп., Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.), ’цвікля, клін які ўстаўляецца ў пройму рукава пад пахамі пры ўшыванні яго ў станіну кашулі’ (Бяльк., Сцяшк., Шатал., Мат. Гом., Сакал., Тарн., Бел. нар. адзенне, Бел. хр. дыял.), ’гестка’ (Шатал.). Перанос паводле падабенства з ла́стаўка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сагна́ць, зганю, згоніш, згоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець і пад. з якога‑н. месца, адкуль‑н. Сагнаць муху. Сагнаць птушку з гнязда. □ Галоўны мінёр Скаварада махнуў рукой, сагнаў Шуру з насыпу. Навуменка. Няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся. Васілевіч. Пан Вальвацкі.., вярнуўшыся дадому, зараз жа загадаў парабкам сагнаць з лугу кармянецкія каровы. Крапіва. // Прымусіць перасяліцца адкуль‑н. Мог і дзедка Тады ўзбунтавацца, Калі іх сагналі з зямлі. Сіпакоў.

2. каго-што. Прыгнаць з розных месц, прымусіць сабрацца ў адно месца. Эсэсаўцы акружылі вёску, сагналі захопленых жыхароў у стайню, заперлі яе і падпалілі. Хадкевіч. / Пра вецер і пад. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца. Чорны. // Змесці ў адно месца. Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца, пальцамі сагнаў крошкі на настольніку ў адну кучку. Скрыган.

3. каго-што. Адагнаць каго-што‑н. на далёкую адлегласць. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы. Казлоў. Адны могуць пажартаваць, а потым забыцца. Другія — проста па злосці сагнаць лодку. Ваданосаў. // Развеяць ветрам і пад. Сагнаць пыл. □ Ранішні вецер разарваў хмары, сагнаў іх кудысьці на край небасхілу. Шашкоў. Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Шамякін. // Змятаючы, ачысціць ад чаго‑н. Сагнаць каласы мятлою з зерня.

4. што. Растапіць (пра снег). А як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак на лагу, яны становяцца нашымі стадыёнамі. Сіпакоў. / у безас. ужыв. Снег сагнала дні за тры, і ўжо жаўрукі ціліўкалі, заходзілася ў блакітнай вышыні неба. Сабаленка. Вясна прыйшла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе. Навуменка.

5. што. Пазбавіцца ад чаго‑н. Сагнаць бародаўку. Сагнаць рабацінне. □ І я [курыца] часамі ўзлятаю — На плот, на хлеў, на сенавал, Каб тлушч сагнаць, крыху размяцца, Але ні воплескаў мне, ні пахвал... Валасевіч. // перан. Аб знікненні якога‑н. пачуцця, ухмылкі і пад. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

•••

Сагнаць ахвоту — задаволіць жаданне, нацешыцца чым‑н.

Сагнаць вагу — палягчэць у выніку пэўнай сістэмы харчавання, фізічных практыкаванняў і пад.

Сагнаць злосць на кім — даць выхад сваёй зласлівасць. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шнуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане. Дамашэвіч.

Сагнаць смагу — задаволіць патрэбнасць у вадзе. [Язэп] пачаў сасмоктваць расу з травы і неўзабаве сагнаў пякучую смагу. Асіпенка.

Сагнаць сто патоў з каго — прымусіць працаваць да знямогі.

Сагнаць стружку з каго — прабраць, прапясочыць каго‑н. — Правільна, Валя! Няхай з яго там стружку згоняць. Іш, распусціўся тут, — уставіў Яўген. Савіцкі.

Сагнаць фанабэрыю (пыху) з каго — асадзіць каго‑н., паставіць на месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)