тэ́зіс, ‑а, м.

1. Палажэнне, правільнасць якога павінна быць раскрыта і абгрунтавана. Буржуазныя пісьменнікі, буржуазныя літаратуразнаўцы спрабуюць сцвердзіць тэзіс аб надкласавасці і надпартыйнасці, якія нібыта ўласцівы літаратуры. «Беларусь». [Юхневіч] рыхтаваўся да абароны, загадзя думаючы над тым, што ўзяць у якасці галоўнага тэзіса. Савіцкі.

2. У філасофіі Гегеля — зыходная ступень усякага працэсу развіцця, першая ступень трыяды.

3. звычайна мн. (тэ́зісы, ‑аў). Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і пад. Прамова даўно была гатова, тэзісы яе ляжалі на стале. Алешка. У гэты час .. [Хадановіч] думаў пра тэзісы, думаў аб тым, як выказаць калгаснікам на блізкіх прыкладах тыя думкі, што сабраў ён да лекцыі. Грамовіч.

[Грэч. thesis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́н, ‑а, м.

1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.

2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.

3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.

[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́ла, ‑ы, ж.

1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў. Хадкевіч. // Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Шамякін. // толькі адз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. // зб. Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа. З. Астапенка.

2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе. Брыль. Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў. Дадзіёмаў. // Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу. // у спалучэнні са словам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.

3. чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі. Конан. Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі. Дудар. // Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы. Колас. Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай. Маўр.

4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча. // Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы. Колас. // Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.

5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры. Ларчанка. // Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця. «Беларусь». Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Лойка.

6. Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.

•••

Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).

Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.

Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.

Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.

Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.

Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.

Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.

Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.

Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.

[Грэч. scholē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)