Піся́г, піся́га, пася́г, пісю́га ’шрам ад удару пугай’, ’крывавы след ад удару’ (Шат.; Мат. Гом.; ТС; рас., Шатал.), пісяга́ты ’стракаты’ (маст., Сцяшк. Сл.), бяроз. пісяга́сты ’тс’ (Сл. ПЗБ), піся́жыць ’біць бізуном ці чым-н. іншым, пакідаючы шрамы’; бярэз. піця́х, кам. пуцугі; петрык., лельч., рэч. пісягі, піцягі ’рагі ад поту, слёз на твары’ (ЛА, 3). Параўн. піса́г ’тс’ (гл.); усе формы ўзыходзяць да *pisati, гл. піса́ць, першапачатковае значэнне — ’праводзіць лінію, рысу’, параўн. польск. дыял. piska ’рыска’, twarz łzami pisze (пра сляды слёз) (Варш. сл.), балг. радоп. пѝсинка ’рыска, палоска’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́сар1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар1 (гл.).

Пі́сар3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́га ’струменьчык чаго-небудзь вадкага’ (ТСБМ), ’пісаг’, ’пацёк поту’ (Сцяшк.), ра́гі ’сляды на брудным ад пылу твары’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’пацёкі поту ці слёз’ (ЛА, 4; Сцяшк. Сл.), суфіксальныя ўтварэнні ад таго ж кораня рага́йды, рага́лы ’нацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 4), ’нацёкі на запацелых вокнах’, ’пацёкі на дзвярах пасля фарбавання’, ’брудныя плямы’ (Сл. ПЗБ). Версіі пра балцкае паходжанне слова — з літ. rãgas ’рог’ і вытворных ад яго ragava, raguva ’роў’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 128), літ. rȧ́gtis, riáugtis ’хмурыцца, збірацца на дождж’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 116); з літ. rãgės, rõgutės ’сані’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 147) або з regė́ti ’бачыць’ (Саўка, Запісы, 23, 56) — падаюцца малаверагоднымі. Параўнанне з славен. rag, raga ’лядзяш’, а таксама srag, srága ’капля поту, крыві, слёз’, харв. дыял. srȁga ’капля’, ’дахавы жолаб’, дзе пачатковае s‑ можна патлумачыць як s‑mobile, таксама выклікае пэўныя цяжкасці пры этымалагізаванні. Цяжка схіліцца да якой-небудзь канкрэтнай версіі: або звязваць са ст.-інд. sárga ’струменьчык, які цячэ, ліецца’, sṛjáti ’цячы’, або рэканструяваць *sporga і параўноўваць з лац. spargo ’раскідваць’, ’рассыпаць’, або ўзводзіць да *sréz < *kʼerg. Іншыя мяркуюць, што зыходным значэннем srága было ’кропля’ і адмаўляюць сувязь з літ. sir̃gti ’быць хворым’, а выводзяць з *sorəga да і.-е. *serH‑ ’цячы’, ст.-інд. sárati ’цячы’, sárga ’ліе’, якія з *selgʼ (агляд версій гл. Бязлай, 3, 301; Скок, 3, 314; Куркіна, Диал. структура, 117). Бязлай прапануе таксама іншае тлумачэнне славенскай лексеме. Улічваючы, што існуе словазлучэнне potne srage ’кропелькі поту’, ён збліжае слова з літ. sir̃gti ’быць хворым’, pasargà ’хваравітая слабасць’, лат. sìrgt ’быць хворым’, sērga ’хвароба’. Паколькі ў славенскай і сербска-харвацкай мовах ёсць словы kapja, kap са значэннем ’хвароба’, то ён мяркуе, што значэнне ’апаплексія’, ’сардэчны ўдар’ з’явілася ў славенскай лексеме раней за ’капля’, якое пазней выцесніла яго (Бязлай, Eseji, 116–117). Іншай думкі прытрымліваецца Борысь (ЗФЛ, 25, 2, 17; Czak. stud., 45–46); далучаючыся да рэканструкцыі Міклашыча (316) прасл. *sorga, ён канстатуе яе няпэўнасць у сувязі з адсутнасцю іншаславянскіх адпаведнікаў. Улік беларускіх адпаведнікаў схіляе да прасл. *(s)ōrga, што ўяўляе ступень чаргавання да *rogъ (параўн. Бязлай, 3, 144), гл. рог1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)