Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вініць ’вінаваціць’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк.), укр. винити ’вініць’, рус. винить, арханг. винуть ’тс’, ст.-рус. винити ’быць прычынай чаго-небудзь, вінаваціць, абвінавачваць, асуджаць, караць’, польск. winić ’прызнаваць вінаватым, абвінавачваць’; ’караць, абкладваць штрафам’; ’плаціць за шкоду, кампенсаваць’, в.-луж. winić ’абвінавачваць’, чэш. viniti ’вініць, лічыць каго-небудзь вінаватым, прыпісваць каму-небудзь адмоўную рысу’, славац. viniť ’абвінавачваць’, макед. вини ’вініць каго-небудзь’, балг. виня ’вініць, абвінавачваць’. Прасл. viniti ўтворана ад назоўніка віна1 (гл.) і суф. ‑iti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абвінавачваць, вінаваціць, вініць, складаць, складаць віну, ускладаць віну, прыпісваць віну, нападаць, вярнуць, зварочваць, валіць, узвальваць, узвальваць віну; ківаць, закідаць (перан., разм.) □ валіць шышкі, вешаць сабак

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)