прыме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прымерваць — прымераць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.

2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Прыбавіць, кінуўшы яшчэ, у дадатак; падкінуць. // Дадаць, дабавіць да таго, што ёсць, набавіць. [Міхал:] Два гады толькі, а яшчэ прыкінуць пяць. Усе машыны будзем мець... Васілевіч.

2. каго-што. Прыкрыць, кінуўшы што‑н. зверху. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. Яшчэ дасвеццем, бывала, коўдрай прыкіне на ложку сыноў, сама .. ляціць у кантору паліць грубкі. Карамазаў. // Накінуўшы, прыклаўшы што‑н., прымераць. [Гаспадыня:] — Прыкіньце, падыдзе вам вопратка майго мужа? Новікаў.

3. Вызначыць прыблізна колькасць, вагу, даўжыню і пад. чаго‑н. Прыкінуць па вазе. // Прыблізна падлічыць; падумаўшы, разлічыць, прыйсці да якога‑н. вываду. — Прыкінь, колькі гэта калёс са збруяй закупім? Пташнікаў. Я іншы раз як прыкіну сам сабе ў думках, якія магчымасці ёсць у калгасе .., дык, сапраўды, як бы цябе што падымае на крылах. Хадкевіч. — Яшчэ ў мінулую восень, калі я праект складаў, то прыкінуў, дзе будуць канавы, — адказаў Андрэй. Дуброўскі.

•••

Прыкінуць вокам (на вока) — вызначыць прыблізна што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)