Прыгада́ць, прыгадва́ць ’узнавіць у памяці; прыпомніць’ (ТСБМ), прыгадава́ць ’гаварыць, лічыць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з далейшым развіццём семантыкі — ’прыдумаць; задумка’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг.), ’адшукаць; знайсці’: пригадай скорей верёвку, штоб взлезци (Нас.), таксама прыга́длівы ’знаходлівы’ (Нас.) і прыгада́ць ’дапамагчы; паспачуваць’: не плачь — мы твоей беде пригадаем (Дабрав., Кросны). Да гада́ць у значэнні (згодна з ТСБМ — размоўным) ’меркаваць’ (гл.), укр. пригада́ти ’ўзгадаць’, пригада́ти ’прыдумаць’. Спецыяльна гл. Булахаў, Развіццё, 43.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́каць1 ’бляяць, крычаць (аб цялятах, козах, авечках)’ (Янк. 2, ТС; рэч., Мат. Гом.). Укр. ме́кати, чэш. mekati ’тс’, серб.-харв. ме́кати, ме́чати ’тс’. Прасл. mekati, якое да і.-е. гукапераймальнай асновы *meq: літ. mekénti, meknóti, mekčinoti ’заікацца’, ’мекаць’, ’бляяць’, арм. mak​ci ’авечка’, ст.-грэч. μηκάς ’каза’. Сюды ж (паводле Скока, 2, 402), магчыма, і паўд.-слав. мечка ’мядзведзь’, што, аднак, звязана з семантычнымі цяжкасцямі (Бернекер, 2, 30, 32; Фасмер, 2, 594 і 613–614). Махэк₂ (358) лічыць, што гукапераймальныя формы ў слав. мовах узніклі самастойна.

Ме́каць2 ’разважаць, думаць’ (Бяльк.), рус. ме́кать, мека́ть ’тс’, ’прыгадваць, адгадваць’, ’лічыць’. Не зусім яснае слова. Бернекер (2, 33) суадносіць яго са ст.-грэч. μέδομαι ’маю на ўвазе’, μήδομαι ’прыдумваю’, лац. meditor ’думаю’, ірл. midiur ’тс’, уэльск. meddwl ’дух, розум, думка’, гоц. mitôn ’абдумваць’, Фрэнкель (IF, 51, 150) — з літ. mẽklinti ’мераць, узважваць, абдумваць’, лат. meklêt ’шукаць’. Брукнер (KZ, 48, 196) выводзіць рус. мекать з ме́тить ’цэліць’ (Фасмер, 2, 594).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjanпрыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)