пры..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) давядзення дзеяння да канчатковай мэты, напр.: прыйсці, прыхіліцца, прывалачыся;

2) дабаўлення, збліжэння, змацавання чаго-н. з чым-н., напр.: прыбіць, прырабіць, прыбудаваць, прыдрукаваць, прыкласці, прышыць;

3) накіравання дзеяння к сабе, у сваіх інтарэсах, напр.: прывабіць, прысвоіць;

4) накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз, напр.: прымяць, прыціснуць;

5) паўнаты, вычарпанасці дзеяння, напр.: прывучыць, прыахвоціць;

6) непаўнаты, слабай меры дзеяння, напр.: прыглушыць, прысыпаць, прыадчыніць;

7) у дзеясловах на -оўва, -ва — суправаджальнага дзеяння, напр.: прыгаворваць, прытанцоўваць.

II. Ужыв. пры ўтварэнні:

1) назоўнікаў і прыметнікаў са знач. непасрэднага прымыкання да чаго-н., напр.: прылесак, прыбярэжны, прыазёрны, прыгранічны;

2) назоўнікаў са знач. дадатковасці, напр.: прыплод, прыпёк.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае значэнні: а) давядзенне руху да канчатковай мэты; завяршэнне руху ў пэўным пункце, напрыклад: прыбегчы, прыйсці, прывалачы, прыляцець, прыпаўзці; б) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: прыахвоціць, прывучыць, прыкончыць, прыспець; в) збліжэнне, сутыкненне, напрыклад: прыткнуць, прыпнуць, прыхіліць; г) злучэнне, змацаванне, напрыклад: прыбіць, прыкалоць, прыклеіць, прыляпіцца, прымерзнуць, прыстаць, прышыць; д) сцісканне, выгладжванне, пашкоджанне ў выніку сціскання, напрыклад: прыкачаць, прымяць, прыціснуць; е) рух, накіраваны к сабе; дзеянне ў сваіх уласных мэтах, напрыклад: прывабіць, прыгрэбці, прыманіць, прысвоіць, прытуліць; ж) дадаванне, дабаўленне да чаго‑н., напрыклад: прыбавіць, прыараць, прылгаць, прыліць, прыпісаць; з) непаўнату дзеяння, напрыклад: прыадчыніць, прыглушыць, прыкрыць, прысылаць; і) суаднесенасць з пэўнай датай, надзеяй, напрыклад: прымеркаваць, прысвяціць, прыстасаваць; к) (толькі ад асноў дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі ‑ыва‑, ‑іва‑, ‑ва-) дзеянне, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: прыгаворваць, прыпяваць, прытанцоўваць, прытупваць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, падаючы значэнне: які размяшчаецца паблізу, каля чаго‑н., непасрэдна прымыкае да чаго‑н., напрыклад: прыбярэжны, прылесак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры — прыназоўнік (з М. скл.) і прэфікс, параўн. ст.-слав. при, ст.-рус., ст.-бел. при, укр. при, рус. при, польск. przy, каш. přë (памор. přå̃/přä), палаб. prai‑ (прэфікс.), в.-луж. při, н.-луж. pśi (дыял. pśa), чэш. při, славац. pri, славен. pri, серб.-харв., макед., балг. при. Асноўныя значэнні, якія развіліся на зыходнай праславянскай семантычнай базе: прасторавае з указаннем на цесную блізкасць; указанне на адносіны падпарадкавальнасці, падобнасці, аднесенасці да чаго-небудзь; на наяўнасць чаго-небудзь у каго-небудзь; на час, абставіны, становішча. Найбліжэйшымі паралелямі да прасл. *pri лічацца літ. priẽ ’пры, каля, да’ (жамойц. pry, таксама з нарашчэннем ‑gi: príegi/priẽg) з Р. скл., ст.-прус. prei ’да, пры’ з Д. скл. (Фрэнкель, 652–653; Траўтман, 230; пра праблематыку ст.-літ. постпазіцыйнага ‑pi, які ідэнтыфікуецца з лат. прыназ. píe, прасл. і літ. прыназ. з ‑r‑ гл. Ваян, RÉS, 33, 109). Больш далёкія і.-е. адпаведнікі: ст.-лац. prī, грэч. πάραι ’пры’, ст.-інд. parḗ, таксама хец. pa‑ra‑a = parā ’ўперад, з (адкуль-небудзь)’. Аб іранскім інгрэдыенце ў семантыцы *pri (= *kъ, суадносным з сагдз. kw ’к’) гл. Мартынаў (Язык, 50–51). У якасці прэфікса, які працягвае прасл. *pri‑, утварае перш за ўсё дзеясловы са значэннямі: давядзення дзеяння да канчатковай мэты (прыйсці́, прыхілі́цца); дабаўлення, збліжэння, замацавання чаго-небудзь з чым-небудзь (прыдрукава́ць, прышы́ць); накіравання дзеяння да сябе, выканання дзеяння ў сваіх інтарэсах (прыва́біць, прысво́іць); накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз (прымя́ць, прыці́снуць); паўнаты, вычарпанасці дзеяння (прывучы́ць, прыахво́ціць); непаўнаты, слабой меры дзеяння (прыспа́ць, прыадчыні́ць); суправаджальнасці дзеяння (у дзеясловах на ‑(оў)ва: прыгаво́рваць, прытанцо́ўваць). Утварае назоўнікі і прыметнікі са значэннямі: непасрэднага прымыкання да чаго-небудзь (прыла́знік, прыбра́мнік); дадатковасці (прыпло́д, прыпёк). Большая частка гэтых значэнняў мае агульнаславянскі характар. Гл. таксама Фасмер, 3, 362; Скок, 3, 39; Махэк₂, 492; ESSJ, 2, 210–216 (з падрабязным аглядам літ-ры і версій); БЕР, 5, 690.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)