пракало́ць, -калю́, -ко́леш, -ко́ле; -калі; -ко́латы; зак., каго-што.

Колючы (гл. калоць¹), зрабіць у чым-н. скразную адтуліну, праткнуць.

П. паперу шылам.

П. шыну.

|| незак. прако́лваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. прако́лванне, -я, н. і прако́л, -у, м.

|| прым. прако́лачны, -ая, -ае (спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́калаць, -лю, -леш, -ле; -лі; -латы і -ланы; зак., што.

1. Праткнуць чым-н. вострым.

В. вока.

2. Зрабіць узор, малюнак і пад., праколваючы чым-н. вострым.

В. татуіроўку.

3. Высечы з сярэдзіны чаго-н. вострым.

В. кусок лёду.

Хоць вока выкалі — вельмі цёмна.

|| незак. выко́лваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праніза́ць, -іжу́, -іжаш, -іжа; -іза́ны; зак.

1. каго-што. Тое, што і праткнуць.

П. штыком.

Страх пранізаў каго-н. (перан.). П. поглядам (перан.: хутка і пільна глянуць на каго-н.).

2. каго-што. Пранікнуць унутр каго-, чаго-н., праз што-н. (перан.).

Холад пранізаў усё цела.

Прамені сонца пранізалі галіны дрэў.

3. што. Правесці які-н. час, ніжучы што-н.

Цэлы вечар пранізала каралі.

|| незак. прані́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Зано́за ’туга, жаль, сум’ (Нас.), ’прут для замацавання ярма; кіёк для замацавання века на кубле’, ’палачка для пляцення лапцей’, ’стрэмка’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зано́за ’стрэмка’, раст., дан., кур., арл., паўд.-зах. ’частка ярма’, укр. зано́за ’кіёк для замацавання ярма’, польск. дыял. zanoza ’затычка ў ярме’, zanozka, zanoże ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zanozitiпраткнуць, пракалоць’ са спецыялізацыяй значэнняў; Шанскі, 2, З, 50. Значэнне ’туга’ < ’тое, што баліць, трывожыць’ < ’стрэмка’. У za‑noz‑iti той жа корань, што ў нож, нізка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.

1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.

2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.

4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.

•••

Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапаро́ць, ‑пару, ‑шэрані, ‑пора; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць наскрозь. [Юрка] тады са злосцю поркае прутком у зямлю і чуе, што прапароў свой чаравік, дастаў аж да нагі. Пташнікаў.

2. Панесці глыбокую рану, пракалоць чым‑н. вострым. [Талаш:] — А ведаеш, Саўка не такі ўжо прапашчы чалавек. Вось жа не сказаў Васілю пра нас, хоць злодзей і канакрад. З нажом кінуўся, бок прапароў. Колас. — Я таксама памагаў будаваць ім хату, ды нагу сабе прапароў цвіком. Масарэнка.

3. і без дап. Пароць некаторы час (гл. пароць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.

2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.

3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)