чарадзе́й, ‑я, м.

1. Чараўнік, вядзьмар. Радзіся ты прарок ці чарадзей, А добры сад не вырасціш за дзень. Бічэль-Загнетава.

2. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе, чаруе чым‑н. — Ты, чарадзей, Ваня! — узнёсла вымавіла.. [Калашнікава], гледзячы на тонкую работу мастака. Новікаў. Ён [канькабежац] чарадзей. Сваім каньком — Вось гэта, бач, сенсацыя! — Зімою высякае гром... Вясновы гром авацыі. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Відушчы ’які валодае зрокам’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ), відушчый ’тс’ (Нас.), стаўб. ’чалавек, які ўсё заўважае’ (Жд. 1). Укр. видю́щий ’тс’, ’яўны’, рус. видущий ’той, хто добра бачыць’, польск. уст. widzącyпрарок’, чэш. vidoucí ’відушчы’. Запазычана, відаць, з царкоўнаславянскай мовы з заменай суф. ‑ашчы на суф. ‑ушчы з абагульненым значэннем Nomina agentis. У ст.-бел. мове відушчы адсутнічае (ёсць толькі видячій, видящий). Сюды ж відушчасць ’празорлівасць’, відушча ’празорліва’ (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́шчы ’мудры, здольны прадракаць’ (КТС, БРС), укр. віщий ’тс’, рус. вещий: паўн. ’вядзьмар, чараўнік’, разан. ’разумны, талковы, красамоўны’, ст.-рус. вѣщий ’тс’ (з X ст.), польск. wieszczy ’вампір’, каш. ’дух чалавека, які нарадзіўся з зубамі’, wieszcz ’паэт, прарок’; ’чалавек, народжаны ў кашулі’, wieszczka ’варажбітка’, в.-луж. wěšćer ’варажбіт, прадказальнік’, н.-луж. wěšćaŕ ’тс’, чэш. věští, věštecký ’вешчы’, славен. véšča ’ведзьма’, veščec ’чараўнік’, серб.-харв. ве̏шт ’вопытны, дасведчаны, лоўкі, умелы’, макед. ’умелы, мастацкі’, вештак ’спецыяліст’, балг. вещ ’дасведчаны’, ст.-слав. вѣщь, вѣьцъ ’чараўнік, вядзьмар’, ц.-слав. вѣшть (з XIV ст.), прасл. věštь‑jь < *věstj‑ < *věd‑tjo‑. Да ведаць (гл.). Параўн. Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 110; Фасмер, 1, 309; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79; БЕР, 1, 140–141; Махэк₂, 686.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)