прони́зывать несов.

1. (продевать сквозь что) прані́зваць, пралы́гваць, праця́гваць;

2. (пробивать насквозь) прабіва́ць, прайма́ць, прако́лваць, праціна́ць;

3. перен. (проникать внутрь кого-, чего-л.) прайма́ць, прані́зваць; см. прониза́ть 1, 3, 4;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ту́заць, -аю, -аеш, -ае; -аны; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі.

Т. за вяроўку.

Т. за валасы.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль).

Палец нарываў і моцна тузаў.

3. перан., каго. Непакоіць, дакучаць якімі-н. патрабаваннямі, прыдзіркамі і пад. (разм.).

Яму немагчыма было працаваць, бо ўвесь дзень тузалі.

|| аднакр. тузану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).

|| наз. ту́занне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тнуць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; незак., каго-што.

1. Незак. да цяць.

2. перан. Абл. Пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.). Тата з імі пайшоў — І дагэтуль няма, А тут холад тне кроў. Купала. «Ой, матуля, ой, кахана, Не забыцца думкам, не! Ці то позна, ці то рана Люты смутак душу тне». Жылка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жка ‘тачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.

2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прайма́ць ’прабіраць, пранізваць (пра мароз, холад, вецер і пад.); глыбока, моцна дзейнічаць, рабіць вялікае ўражанне на каго-небудзь’ (ТСБМ), ’прасоўваць (нітку) праз ігольнае вушка’, ’пранікаць (аб ветры, марозу)’ (Нас.), пройма́ць ’праймаць, прабіраць’ (ТС), зак. тр. пройняты ’спехам прашыць, прыхапіць ніткай’ (Клім.), ст.-бел. проимати ’разабраць, зрабіць у чым-небудзь адтуліну’. Прыставачны дзеяслоў ад імаць (гл.). З семантычных паралеляў параўн. рус. пронимать ’прабіраць (аб холадзе)’ і ўкр. пройма́ти ’абхапіць (аб холадзе); прасоўваць нітку (у іголку)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тнуць1пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.)’ (ТСБМ), ’сячы, рэзка выказвацца’, ’ударыць, рубануць; упікнуць’ (Нас.), ’кусаць, джаліць’, ’ссякаць’ (Сцяшк.), ’кусаць, пячы’ (Яруш., Федар. 6, Скарбы, Сл. ПЗБ), тні́ті, тну́ты ’разбураць, рубаць, сячы’ (Булг.). Другасны інфінітыў, утвораны шляхам абагульнення асновы спрагальных формаў дзеяслова цяцьтну < прасл. *tęti*tьnǫ, параўн. рус. тятьтну, польск. ciaćtnę, славен. дыял. tẹ́titnèm, ст.-слав. тѧтитьнѫ, дзе прадстаўлена ніжэйшая ступень кораня і.-е. *ten‑, захаваная ў літ. tìnti ’адбіваць касу’ (Коген, Запіскі, 2, 241; Фасмер, 4, 66; Векслер, Гіст., 224). Іншая ступень чаргавання выступае ў *тон, параўн. адным тном ’адным чынам’ (пух., Жд. 1). Гл. цяць.

Тнуць2 ’іграць’ (Скарбы), ’заўзята іграць’: тне гармонік (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе тнуць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо. Карпаў. [Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася. Чарнышэвіч. У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі. Лынькоў. // Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць. Чарнышэвіч. Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах. Паслядовіч. // Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася. Савіцкі. Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы. Галавач. // Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты. Кавалёў. // Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі... Аношкін. [Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз. Пташнікаў. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі. Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы. Ставер. // Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла. Чорны. // Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Караткевіч.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Чорны. Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль. Мележ. // безас. Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі. Пташнікаў. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве. Крапіва. // безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам. Новікаў. // чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся. Мележ.

3. перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва. [Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны. Скрыган. А жыццё тузае людзей, як захоча. Асіпенка. // Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)