вы́цягнуць, -ну, -неш, -не; -ні; -нуты; зак.

1. што. Прыклаўшы сілу, выняць умацаванае, завязлае і пад. або выдаліць што-н. уцягнутае.

В. кій з плота.

В. воз з гразі.

В. стрэмку.

2. каго-што. Дастаць, выняць, цягнучы адкуль-н.

В. шуфляду са стала.

В. шчупака.

В. усе жылы (перан.: змучыць якімі-н. непрыемнасцямі). З яго слова не выцягнеш (перан.).

3. што. Цягай, усмоктваннем выдаліць.

Пластыр выцягнуў увесь гной.

4. што. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню.

В. скуру.

В. дрот.

5. што. Выпрастаць, распасцерці.

В. рукі.

Легчы, выцягнуўшы ногі.

6. перан., каго. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча, выбавіць (разм.).

В. з бяды.

7. каго. Прымусіць, пераканаць выйсці куды-н., пайсці адкуль-н. (разм.).

В. з дому.

8. каго-што і без дап. 3 цяжкасцю, з напружаннем выканаць, зрабіць што-н. ці дапамагчы каму-н. (разм.).

В. план.

В. экзамен на чацвёрку.

В. слабага вучня.

9. што. Потайкам забраць чужое; украсці (разм.).

В. грошы з кішэні.

|| незак. выця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. вы́цяжка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 3 і 4 знач.; спец.) і выцяжэ́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́цягнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыклаўшы сілу, выняць што‑н. умацаванае, завязлае; вырваць. Выцягнуць кій з плоту. Выцягнуць воз з гразі. □ Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас. // Выдаліць, выняць. Выцягнуць нітку з іголкі. Выцягнуць асколак з раны.

2. Разм. Дастаць, выняць што‑н. знутры. Выцягнуць папяросы з кішэні. □ Гаспадыня тым часам выцягнула з-пад прыпека самавар і, перакуліўшы дном угару, стала вытрасаць з яго старое вуголле. Дуброўскі. // Высунуць што‑н. устаўленае. Выцягнуць шуфляду са, стала, // Выцягваючы, здабыць што‑н. Выцягнуць поўны невад рыбы.

3. Перамясціць, цягнучы па паверхні. Выцягнуць човен на бераг. Выцягнуць сані з-пад павеці.

4. Выдаліць што‑н. вадкае, газападобнае з дапамогай якіх‑н. прыстасаванняў. // Разм. Выпіць. [Тодар:] — Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць і хоць бы што. Чорны.

5. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню. Выцягнуць дрот. // Выставіць уперад, працягнуць. Выцягнуць лыч, морду, шыю.

6. Выпрастаць, распасцерці. Выцягнуць рукі. □ Адкінуўшыся на спінку крэсла, маёр Раманенка з асалодай выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Шамякін.

7. перан. Разм. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча; выбавіць. Выцягнуць з бяды.

8. перан. Дабіцца, дасягнуць чаго‑н. з вялікімі цяжкасцямі. Выцягнуць слова праўды.

9. Разм. Прымусіць, пераканаць каго‑н. выйсці адкуль‑н., пайсці куды‑н. Выцягнуць з дому. □ — Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся.. [Алесь], калі гульня скончылася. Шыцік.

10. Разм. Асіліць, вытрымаць; адужаць. Выцягнуць дзве нормы. Выцягнуць экзамен на чацвёрку.

11. перан. Разм. Прымусіць каго‑н. патраціцца. Выцягнуць з пакупнікоў апошнія грошы.

12. Разм. Потайкам забраць чужое; украсці.

•••

Выцягнуць (усе) жылы — замучыць якімі‑н. непрыемнасцямі.

Выцягнуць з гразі — дапамагчы пазбавіцца беднасці, галечы.

Ногі выцягнуць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)