ссялі́ць, ссялю, сселіш, сселіць; зак., каго-што.

Пасяліць разам, перасяліць з розных мясцін. [Залуцкі:] — Не жывуць тут? — [Хрупак:] — Даўно, як з хутароў ссялілі, з таго часу і не жывуць. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасла́ць, сашлю, сашлеш, сашле; сашлём, сашляце; зак., каго-што.

1. У якасці пакарання адправіць на пасяленне (звычайна ў аддаленую мясцовасць); прымусова перасяліць куды‑н. Пасля выздараўлення царскі суд саслаў.. [Адама] ў Сібір, адкуль ён і не вярнуўся. Пестрак.

2. Разм. Далёка накіраваць, адправіць каго‑н. [Красанок:] — Чым я правініўся, Васіль Емяльянавіч, што ты мяне ўсё роўна як на Салаўкі саслаў? Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.

1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.

2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. □ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.

3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.

4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.

5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.

6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.

•••

Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)