крыты́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе крытыку (у 1, 3 знач.), з’яўляецца крытыкай. Крытычныя заўвагі. Крытычны артыкул. Крытычная літаратура.

2. Здольны крытычна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Крытычны розум. □ У гэтым абуджэнні крытычна[й] думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.

•••

Крытычны апарат гл. апарат.

Крытычны рэалізм гл. рэалізм.

крыты́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане крызісу; пераломны. Крытычны момант хваробы. □ Той ўзрост, калі мінула трыццаць і такія грукаюць гады, што сталым хоць і не час лічыцца, ды назвацца нельга маладым, — той ўзрост крытычны, ў тым узросце ў сябе пытаюцца часцей: ці зрабіў, што мог бы ў маладосці, і якім імкненнем жыць далей? Русецкі.

2. Вельмі цяжкі, небяспечны. Крытычнае становішча. □ Партызанская зухаватасць, якая ў крытычны момант ратавала не аднаго партызана, памагла і тут. Карпюк.

•••

Крытычная тэмпература гл. тэмпература.

Крытычны стан рэчыва гл. стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)