Жвя́каць ’шумна перажоўваць’ (ТСБМ). Рус. жвакать, дыял. пск., смал., калін., кастр. жвякаць ’есці, жаваць, жвякаць, гаварыць’, укр. жвакати ’гучна перажоўваць’, польск. żwakanie śledziony ’гук, які ствараецца селязёнкай каня’ (у Сянкевіча, магчыма, з усх.-слав.). Чэш. žvýkati, славац. žviakať, ’перажоўваць, балбатаць’, в.-луж. žwakać, н.-луж. žwakaśперажоўваць’, балг. жвакам ’жаваць’, макед. жвака, џвака ’жаваць, балбатаць’, серб.-харв. жва́кати ’тс’, славен., žvekáti ’тс’. Кантамінацыя гукапераймальнага дзеяслова, на што ўказвае суфікс ‑ка‑, і кораня, прадстаўленага ў жаваць: *žьv‑, які, відаць, мог спалучацца як з тэмай ‑a‑, так і з інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перажо́ўванне ср.

1. пережёвывание;

2. перен. пережёвывание;

1, 2 см. перажо́ўваць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Некуца́вый ’неядомы (грыб)’ (Мат. Маг.), нікуцавый ’ніякі, дрэнны’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Відаць, ад куцаць ’доўга перажоўваць што-небудзь’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́цаць ’доўга перажоўваць што-небудзь’ (Сл. паўн.-зах.), ’пэцкаць, камячыць’ (Нар. сл.). Гукапераймальнае тыпу чвякаць, чмякаць. Параўн. коўчаць (гл.) ’мяць, жаваць’, коўць (гл.) ’глыток’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Неграме́чы ’пераборлівы ў ежы’ (карэл., Марц.). Відаць, ад грумёнаць (варыянт — глумёчаць) ’грэбаваць’ (ТС), што можа быць звязана з літ. grumti ’мяць, умінаць’, grömalotiперажоўваць’; варыянтнасць вакалізму, як у гром, грымець, параўн. таксама грумёць ’грымець’ (ваўк., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвя́нькаць ’надакучаць размовамі, ляніва гаварыць’, жве́нькаць ’пляткарыць, балбатаць’ (маг., Бяльк., Юрч., Яўс.), жвянь, жвяньк ’выклічнік пра надакучлівыя размовы’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). Чэш. žvaniti ’многа і неразумна гаварыць’, в.-луж. žwamlić ’гаварыць дурасці’, žwjeńkać ’жаваць з цяжкасцю’, н.-луж. žwankliśперажоўваць, балбатаць’, славен. žvenkati ’звінець’. Відаць, вынік узаемадзеяння шэрагу асноў, прадстаўленне ў словах жаваць (гл.), звінець (гл.), а магчыма, і гаварыць (гл.) з чаргаваннем галоснага. Магчыма трактаваць першасным *žьv‑e/a‑ ’жаваць’ з эмацыянальным інфіксам ‑н‑ (калі не пад уплывам звенькаць і да т. п.) і суфіксам ‑ka‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваляперажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

язы́к, ‑а, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. □ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п’янага на языку. Прыказка.

2. перан. Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.

3. перан. Разм. Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.

4. Металічны стрыжань у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.

5. перан. Пра што‑н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.

•••

Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.

Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.

Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.

Вісець на языку гл. вісець.

Востры на язык гл. востры.

Востры язык у каго — хто‑н. дасціпны, з’едлівы ў размове.

Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).

Выткнуцца з языком гл. выткнуцца.

Доўгі язык у каго — хто‑н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.

Злы язык у каго — хто‑н. злосна, з’едліва, з насмешкай гаворыць аб кім‑, чым‑н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Зляцець з языка гл. зляцець (у 5 знач.).

Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.

Ледзь варочаць языком гл. варочаць ​2.

Лёгкі на язык гл. лёгкі.

Мазоліць язык гл. мазоліць.

Малоць языком гл. малоць.

Мыць языкамі гл. мыць.

Мянціць языком гл. мянціць (у 2 знач.).

На языку ў каго — хто‑н. гатоў сказаць, вымавіць што‑н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.

Не спускаць з языка гл. спускаць.

Не сыходзіць з языка гл. сыходзіць.

Папасціся на язык гл. папасціся.

Пацягнуць за язык гл. пацягнуць.

Пляскаць языком гл. пляскаць.

Праглынуць язык гл. праглынуць.

Просіцца на язык гл. прасіцца.

Прыкусіць язык гл. прыкусіць.

Прытрымаць язык гл. прытрымаць.

Развязаць язык гл. развязаць.

Распусціць язык гл. распусціць.

Сарвацца з языка гл. сарвацца (у 6 знач.).

Слабы на язык гл. слабы.

Трапаць языком гл. трапаць.

Трапіць на язык гл. трапіць.

Трымаць за язык гл. трымаць.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Узбрысці на язык гл. узбрысці.

Укараціць (падкараціць) язык каму гл. укараціць.

Уткнуцца са сваім языком гл. уткнуцца.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык гл. уткнуць.

Ціпун на язык гл. ціпун.

Цягнуць за язык гл. цягнуць.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго гл. цяля.

Часаць язык (языком, языкі) гл. часаць.

Чорт пацягнуў каго за язык гл. чорт.

Язык аб зубы біць гл. біць.

Язык адняўся ў каго — хто‑н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).

Языкамі абмываць гл. абмываць.

Язык без касцей у каго — хто‑н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.

Язык гладка ходзіць у каго — хто‑н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.

Язык добра падвешан у каго — хто‑н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.

Язык заплятаецца ў каго — хто‑н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што‑н.

Язык (языкі) не завяжаш гл. завязаць ​1.

Язык не паварочваецца ў каго — хто‑н. не асмельваецца што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Язык прысох у каго — хто‑н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).

Язык развязаўся ў каго — хто‑н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.

Язык свярбіць у каго — хто‑н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго‑н.

Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.

Як карова языком злізала гл. карова.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто‑н. што‑н. сказаць, спытаць і пад.; хто‑н. не асмеліцца (не асмеліўся) што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)