кароткачасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца нядоўгі час. Кароткачасовая сувязь. Кароткачасовая перадышка. □ Кажуць, што даўней гэта быў касцельны дом. Ён памятае яшчэ ўніятаў на Беларусі, царызм, кароткачасовую ўладу немцаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перады́х, ‑у, м.

Разм. Тое, што і перадышка. Аднак тут у гаворку ўступаецца Чарнушка. — Дай ты чалавеку перадых. Мележ. Потым Цапка нешта нібы скаланула, ён загаварыў хутка, амаль без перадыху. Сачанка. [Дождж] усё лета хвошча без перадыху. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́дых, ‑у, м.

Разм. Тое, што і перадышка. — Як ты думаеш, маці, можа, варта сёлета дажынкі справіць? — Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Адхлы́н ’адпачынак, перадышка’ (Юрч. Сін., Яўс.), рус. отхлянуть, отхленуть ’адпачыць’. Сюды ж рус. хлын ’лодар, гультай’ і хлынь ’замаруджаны ход каня’. Неверагодна Фасмер, 3, 173, рус. отхлянуть звязвае з хлебать. Супастаўленне Праабражэнскім, 2, 130, рускага слова з бел. адхлан (гл.) таксама спрэчнае, абедзве формы ён выводзіць з холад. Ільінскі (ИОРЯ, 20, 4, 157) лічыць генетычна роднаснымі рус. хлын, хлынь і хлынуть. Паколькі апошняе звязваецца з укр. хлюнути, польск. chlunąć, балг. хлун і інш., існуе магчымасць для рэканструкцыі *xlunǫti (* < xlǫnǫti < *xlǫbnǫti/xlębь). Параўн. бел. хляба і хлюпа ў значэнні ’дрэннае надвор’е’ з бел. адхлуп (гл.) і адхлын (гл. Мартынаў, Слав. акком., 131; ён жа, Бел.-рус. ізал., 69).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адпачынак, адпачын, спачын, супачынак, спачынак, спачыванне, спакой, супакой, перадышка, аддышка, аддыха, пярэдых, перадых, роздых, папас, папаска, перакур, вольная часіна

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сь, усяго́, м.; уся́, усёй, ж.; усё, усяго́, н.; мн. усе́, усі́х; займ. азначальны.

1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі мн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у знач. вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // Р усі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.

3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. □ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.

4. у знач. вык. усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.

5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка гл. затычка.

Ад усяго сэрца гл. сэрца.

Валіць усё ў адну кучу гл. валіць.

Ва ўсе лапаткі гл. лапатка.

Ва ўсёй (сваёй) красе гл. краса.

Ва ўсіх адносінах гл. адносіны.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Вось (табе) і ўвесь сказ гл. сказ.

Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) гл. выматаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

З усімі анёрамі гл. анёры.

З усіх канцоў гл. канец.

З усяго свету гл. свет.

Ісці на ўсё гл. ісці.

І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын гл. мераць.

На ўсе вякі гл. век.

На ўсе жылы; з усіх жыл гл. жыла.

На ўсе лады гл. лад ​1.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

На ўсім гатовым гл. гатовы.

На ўсю іванаўскую гл. іванаўскі.

Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.

Ну, вось і ўсё! гл. вось ​2.

Па ўсім відаць гл. відаць.

Па ўсіх правілах гл. правіла.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Перш за ўсё гл. перш.

Скарэй за ўсё гл. скарэй.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Увесь у каго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.

Увесь час гл. час.

Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.

Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.

Усе козыры ў руках гл. козыр.

Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.

Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.

Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).

Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.

Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.

Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.

Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.

Усімі сіламі гл. сіла.

Усіх масцей гл. масць.

Усяго добрага гл. добры.

Усяго найлепшага гл. найлепшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)