падрама́ць, ‑драмлю, ‑дрэмлеш, ‑дрэмле; зак.

Драмаць некаторы час. Свідраль меў звычку пасля работы пераапрануцца ў піжаму і, пакуль жонка згатуе вячэру, паляжаць з газетай на мяккай канапцы, крыху падрамаць. Дуброўскі. Зліпаліся павекі. Трэба было хоць крыху падрамаць, каб заўтра з новымі сіламі ўзяцца за работу. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Крануць каго‑, што‑н., даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Мікуць дакрануўся рукою да халоднага металу, пагладзіў лапчастае шырокае кола. Чорны. Сяргей заснуў адразу, як толькі дакрануўся галавой да падушкі. Шахавец. // (звычайна з адмоўем). Паспытаць, паспрабаваць чаго‑н. [Людзі] папрасілі пераапрануцца, надта спяшаліся, нават не дакрануліся да матчынага пачастунку. Мікуліч. Канстанцін Міхайлавіч амаль не дакрануўся да вячэры. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цырымо́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

1. (звычайна з адмоўем «не»). Захоўваць правілы прынятага этыкету; быць цырымонным. — Вам пераапрануцца трэба, — сказала жанчына і .. узлавана крыкнула: — Кіньце вы цырымоніцца! Асіпенка. Хлор быў заўсёды смелым у братавай хаце і нічуткі не саромеўся нікога і не цырымоніўся. Гартны.

2. з кім-чым і без дап. Праяўляць празмерную далікатнасць, прыстойнасць у адносінах: да каго‑, чаго‑н. [Антон:] — Прашу, пакуль не: позна, навядзі парадак у брыгадзе. І не цырымонься з гультаямі! Савіцкі. Яшчэ ў школе яна [Ірына] звыкла камандаваць гэтым маўклівым хлопцам. І цяпер таксама не цырымоніцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перакіда́цца, скіда́цца ’ператварацца ў іншую істоту’ (Растарг.), перакі́нуцца ’пераўтварыцца’ (карм., Мат. Гом.), перакі́нуць ’часова пераапрануцца ў іншае (сухое) адзенне’ (Юрч.), мсцісл. пірікіда́ньня ’змена адзення’ (Юрч. СНЛ), перэкіда́цца ’перакульвацца, пераўвасабляцца’ (ТС), перэкі́нуцца ’перакуліцца, змяніцца’, найбліжэй да якіх стаяць польск. przekinąć się, przekidać się ’перакінуцца, перамяніцца; перакуліцца’, ст.-польск. przekinąć się ’перайсці на чый-небудзь бок’, параўн. “тэхналогію” пераўвасаблення ў ваўкалака: перэкінецца церэз ножа і робіцца наподобіе воўка (ТС). Да пера- і кідаць, кідацца < прасл. *kydati (), гл. кідаць, параўн. таксама ўкр. чарніг. перекида́тися ’пераапрануць, змяніць адзежыну’ і ’пераўтварацца, абярнуцца’. Іншую версію прапануе Санько (Kryuja, 1996, 1, 92): перакінуцца, скінуцца ’перавярнуцца на кагосьці, ператварыцца’ звязана не з слав. *kinǫti, *kidati, а з літ. kìsti (kiñta, kìto) ’мяняцца, змяняцца’, kėisti (‑čia, ‑tė) ’мяняць, змяняць, перамяняць, абменьваць’, keìtìklis ’ператваральнік, унформер’, keitìmas ’абмен, размен, змена, замена, ператварэнне’, што ў святле прыведзеных вышэй фактаў не пераконвае, аднак балтыйскі ўплыў на семантыку ’змена (адзення і пад.)’ адмаўляць няма падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.

1. з чым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай. Якімовіч. «Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца». Кулакоўскі. [Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Шамякін.

2. з кім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы. Ваданосаў. Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам. Ліс. // Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе. Шыцік. А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам! Лойка. // Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. // Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Паслядовіч. З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Навуменка. // перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася. Асіпенка. Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою. Ус.

3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Колас. — Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося. Гартны.

4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам. Пташнікаў. Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша. Шуцько. // Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Гартны.

5. Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад. Арабей.

6. Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)