по́яс, ‑а, м.

1. Рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу па таліі. Яшчэ да таго, як Глушак управіўся наліць усім, Дубадзел падняўся, абцягнуў гімнасцёрку пад поясам, важна пакашляў у кулак. Мележ. // Паласа тканіны, якая прышываецца да верхняй часткі спадніцы, штаноў; паясніца. Прышыць пояс.

2. (пераважна з прыназ.). Паясніца, талія. Па пояс тут вырасце грэчка, мёдам запахнуць палі. Панчанка. Коўдра рабілася [нясцерпна] цяжкаю, і.. [Васіль] памаленьку ссоўваў яе з галавы на плечы, з плеч на пояс, а з пояса на ногі. Гартны.

3. Што‑н., размешчанае паласой. Неўзабаве параход схаваўся за зялёным поясам прырэчных лазнякоў. Краўчанка. / Пра святло. У поясе святла, якое падала з будкі, стары чалавек у кароценькай ватоўцы і валёнках і худы падлетак грузілі дровы. Мележ.

4. Брусы (распоры) паміж кроквамі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. «Беларусь».

5. Спец. Частка паверхні зямнога шара паміж двума мерыдыянамі.

6. Спец. Частка паверхні зямнога шара, якая з’яўляецца пэўнай кліматычнай зонай. Сярэдні пояс. Трапічны пояс.

7. Спец. Частка краіны, якая адрозніваецца ад іншай тэрыторыі якімі‑н. эканамічнымі прыкметамі. Тарыфны пояс.

8. Спец. Частка шкілета ў пазваночных жывёл і чалавека, якая служыць для прычлянення да тулава і апоры канечнасцей. Плечавы пояс.

•••

Гадзінны пояс — 1/24 частка зямной паверхні, ва ўсіх пунктах якой аднолькавае лічэнне часу (уся зямная паверхня падзелена на 24 гадзінныя паясы).

Заткнуць за пояс каго гл. заткнуць.

Кланяцца ў пояс гл. кланяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пераця́ць, ператну, ператнеш, ператне; ператнём, ператняце; пр. перацяў, ‑цяла, ‑ло; заг. ператні; зак.

Разм.

1. каго-што. Перасячы, перакусіць і пад. што‑н. на часткі. Перацяць нітку зубамі. □ Дрот з вяроўкай не зраўняць, дрот лісе не перацяць. Астрэйка. Здавалася, калі б рак схапіў дзяўчынку сваімі грознымі клюшнямі, дык перацяў бы папалам. Хомчанка.

2. што. Заступіўшы, перагарадзіць, перарэзаць (шлях, дарогу). Войска і паліцыя перацяла.. [дэманстрацыі] дарогу. Чорны.

3. каго-што. Туга перавязаць, сціснуць. Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Пташнікаў.

4. пераважна безас. Перахапіць спазмай. У горле перацяло.

5. чым. Разм. Ударыць чым‑н. доўгім, гнуткім; перацягнуць. Максім наскочыў на афіцэра і перацяў яго прыкладам. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трос1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).

Трос2 ‘ колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινία ‘адростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.

Трос3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стан1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœwпаясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дзіна, ‑ы, ж.

1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.

2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.

3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.

4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

•••

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)