пажа́р, ‑у, м.

Агонь, які ахоплівае і знішчае ўсё, што можа гарэць, а таксама сам працэс гарэння. Лясны пажар. □ — Пажар! — мільганула страшная думка, і Анісся кінулася бегчы па вуліцы, туды.., дзе ў злавесных дымных віхрах прабіваліся першыя языкі бледнага, жаўтаватага полымя. Лынькоў. Пажар яшчэ не.. паспеў разбушавацца. Ён пайшоў ад цяпельца, што распалілі пастушкі, і, разрастаючыся чорнай плямай, нішчыў сухую траву, галлё, маладыя дрэўцы. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу. Колас. // перан. Аб падзеях вялікага грамадскага значэння, якія хутка і бурна развівацца. Пажар вайны. Пажар паўстання. // перан. Аб моцных чалавечых пачуццях. Гарыць душа, гарыць уся, Не патушыць душы пажар. Пушча.

•••

Не на пажар — няма куды спяшацца.

Як на пажар — вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым і пад.). Дым туманіць далягляд. // Засціць што‑н. чым‑н. Часамі пастушкі .. туманілі неба дымам сухога [бульбоўніку]. Чорны.

2. Завалакаць (вочы), перашкаджаць добра бачыць. [Антосіха] глядзіць на сваіх кватарантаў, і вочы яе туманяць слёзы. Кулакоўскі. // перан. Засціць (свядомасць, думкі); пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць. Хмель помсты туманіў .. [Соміку] свядомасць. Крапіва. Скрыпелі да болю зубы, скрыпелі масніцы, злосць туманіла розум. Шашкоў. Усё цела .. [Яўхіма] поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап’яняла, паліла, туманіла развагу. Мележ. // Разм. Рабіць няясным, незразумелым, блытаць. [Антон:] — Ведаеш, брыгадзір, давай на чыстату. Выкладвай, як яно было... І не тумань мне галавы! Савіцкі. І Змітрок не заходзіць. Яшчэ туманіць, што па справах да старасты. Разам на полі — не могуць дамовіцца. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўчы́, таўку, таўчэш, таўчэ; таўчом, таўчаце, таўкуць; пр. тоўк, таўкла, ‑ло; незак.

1. што. Рабіць больш дробным, драбніць. Жонка моўчкі таўкла ў ступе семя. Галавач. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў. Быкаў.

2. што. Ціснуць, душыць таўкачом і пад., робячы мяккім; мяць. Неяк з лесу хлапчукі-пастушкі прынеслі блішчастую жалезную качалку, і Феня таўкла ёю бацьку камы. Сачанка. Міхаліна таўкла ў карыце параную бульбу. Чарнышэвіч.

3. што. Ачышчаць таўкачом у ступе зерне ад скуркі. Спіць Платонава маці Аляксандра і чуе праз сон, што нехта недзе таўчэ крупы ў ступе або кавалі б’юць далёка ў кузні. Пестрак. Бабы мусілі, як і даўней, таўчы .. ў ступе крупы. Гарэцкі.

4. што. Разм. Біць шмат чаго‑н. Таўчы талеркі. Таўчы посуд.

5. каго. Разм. Наносіць пабоі, збіваць. [Нявідны] маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі. Колас. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Шэўкі] нічога, апроч .. стогну. Брыль. // Штурхаць. — Цішэй ты! — таўчэ мяне жонка ў бок, а я толькі ўсміхаюся ды газку паддаю. Корбан.

6. што. Мяць, знішчаць, вытоптваць што‑н. Васіліна блукала ля столікаў, .. пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік таўклі абцасамі траву, бачыла шмат моладзі ля атракцыёнаў. Савіцкі.

•••

Таўчы ваду ў ступе — дарма траціць час, займацца непатрэбнай справай.

Таўчы мак — мітусіцца ў паветры плоймай, клубком (пра камароў, мошак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)