аперэ́та, -ы, ДМэ́це, мн. -ы, -рэ́т, ж.

1. Музычны камедыйны твор, у якім спевы чаргуюцца з размовай і танцамі.

2. Пастаноўка такога твора на сцэне.

Іграць у аперэце.

3. Тэатр, у якім ставяцца музычна-вакальныя творы камедыйнага характару.

|| прым. аперэ́тачны, -ая, -ае.

А. акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Паста́нне, пастаньня, пыстаньня ’падол, прыпол з грубай тканіны’ (Юрч., Бяльк., Мат. Маг.). Рус. постань ’тс’, постаньне ’тс’. Да стан (гл.). Прыстаўка па- мае значэнне ’пасля, ніжэй’ > ’ніжэй стана’, а стан — ’верхняя частка спадніцы’. Параўн. пастаноўка ’падстаўка ў падоле’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сцэна́рый, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Літаратурна-драматычны твор з падрабязным апісаннем дзеяння, на аснове якога можа ставіцца кінафільм, тэатральная пастаноўка і інш.

С. фільма «Альпійская балада».

2. Спіс дзейных асоб п’есы з указаннем парадку і часу выхаду на сцэну (спец.).

3. Загадзя распрацаваны дэталёвы план правядзення якога-н. відовішча, увогуле (перан.) ажыццяўлення чаго-н.

С. фестывалю.

4. перан. План ажыццяўлення чаго-н.; прагноз.

Дзейнічаць па сцэнарыі.

|| прым. сцэна́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

С. матэрыял.

С. аддзел.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спекта́кль, ‑я, м.

Пастаноўка, паказ п’есы. Спектакль падрыхтавалі мы да дня.. Канстытуцыі. Любімай п’есай Купалы мы адкрывалі наш новы, першы ў Забалоцці клуб. Брыль. [Косця:] — Дамаўляўся з.. [дырэктарам тэатра] наконт калектыўнага паходу на спектакль... Карпюк. // перан. Пра якое‑н. незвычайнае здарэнне, відовішча, выпадак і пад. [Хведар Саладыш:] — Навошта вы, пане жандар, гэты спектакль тут наладжваеце. Тут жа не тэатр, а жандарская ўправа. Сабаленка. — Уставай, маці, спектакль скончыўся, — весела сказаў Юльян цешчы, калі немцы па вузенькім завулку амаль што бягом выскачылі на вуліцу Чкалава. Новікаў.

[Фр. spectacle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траге́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.

2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.

•••

Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.

[Грэч. tragōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ва, ‑ы, ж.

1. Становішча корпуса, фігуры, уласцівае каму‑н. Незалежнасць, самавітасць адчувалася ва ўсёй яго паставе. Сачанка. Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. У .. паставе, хадзе [Панасюка] не было ніякай паважнасці, якая звычайна прыходзіць да людзей гадоў пад сорак. Навуменка. // Фігура чалавека. Зялёная спадніца падкрэслівала.. [Ядзіну] статную дзявочую паставу. Новікаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай, да немагчымага схуднелай паставе. Ваданосаў.

2. Поза. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Колас. А Лёнька і Алік замерлі ў такіх паставах, як быццам збіраліся скочыць цераз шырокую канаву. Шашкоў.

3. Пастаноўка, становішча якой‑н. часткі цела. Правільная пастава ног у танцы. □ [Гаспадыня] падобна да мужа: тая ж пастава галавы, аднолькавы разрэз вачэй, той жа тонкі прамы нос. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).

2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.

3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.

4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.

5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.

6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).

7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.

8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.

•••

Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.

Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)