уго́лас, прысл.

1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.

2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)