заляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

1. Запоўніць, замазаць чым‑н. вязкім, ліпкім. Парабкі колькі разоў спрабавалі заляпіць гэтыя бліскучыя літары, але гліна ад ветру трэскаецца і асыпаецца. Бажко. // Закрыць, заклеіць чым‑н. Заляпіць разбітую шыбу паперай. // Разм. Закрыць, закласці чым‑н. Дранкай заляпіў [Сузон] страху на хаце. Галавач. // Наклейваючы што‑н., пакрыць паверхню чаго‑н. Заляпіць усю сцяну афішамі.

2. Абляпіць, пакрыць сабой паверхню чаго‑н. Пакуль Забраліся, снег заляпіў, выбеліў цалкам постаці Прыстрома і Дзераша. Шынклер.

3. і без дап. Разм. Моцна ўдарыць, нанесці ўдар. Заляпіць аплявуху. Заляпіць у вуха.

4. Разм. Рэзка, рашуча зрабіць што‑н.; уляпіць (у 2 знач.). Заляпіць вымову. Заляпіць двойку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. Наладзіць з кім‑н. добрыя адносіны; ужыцца. [Богдан:] — Нам патрэбен такі чалавек, які б нас за людзей лічыў.. Андрэй Максімавіч змог бы і з людзьмі наладзіць і гаспадарку навесці. Дуброўскі. — Дык-ты ў парабкі да Халусты? — Але, Сымон. — Не ведаю, як ты з ім паладзіш. Чарнышэвіч.

2. Памірыцца пасля сваркі з кім‑н. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас.

3. што. Рамантуючы, зрабіць прыгодным для карыстання, работы. І я не выходзіў з двара — папраўляў платы, якія сям-там збуцвелі і асунуліся,.. наладзіў на хаце страху, бо ў раптоўныя навальнічныя дажджы, асабліва ў ліўні, яна працякала. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра якую‑н. судовую справу). Слухаецца справа аб разводзе. // Публічна заслухвацца (пра чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. Пасяджэнне Сарнаркома, на якім слухаліся даклады пра пабудову энергахімічнага камбіната на Яснаўскім балоце, адбылося роўна цераз шаснаццаць дзён пасля гэтага. Галавач. У 1954 годзе на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў слухаўся садаклад П. Антакольскага, М. Аўэзава і М. Рыльскага. Палітыка.

2. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. [Кулеш:] — Мяне сам пан камендант запрашае садзіцца,.. кожнай парады слухаецца. Шамякін. «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся...» Да сэрца падступае балючая жаласць і злосць. Мележ.

3. Падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Слухацца настаўніка. Слухацца загаду. □ [Мікалай Мікалаевіч:] — Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Грахоўскі. Але ўсё ж.. [лейтэнант] мусіў слухацца ротнага і нават больш. Быкаў. // перан. Рухацца, дзейнічаць, падпарадкоўваючыся задуме, жаданню, волі чалавека (пра часткі цела, механізмы і пад.). Трэба было ісці, а ногі не слухаліся, не краталіся з месца. Васілёнак. Рука ад хвалявання дрыжыць, і гузікі не слухаюцца пальцаў. Галавач. [Кудлач:] — Самалёт каменем падаў, не слухаўся ручкі ўпраўлення. Алешка.

4. Зал. да слухаць (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дзі, людзей, Д людзям і (радзей) людзям, Т людзьмі, М аб людзях і (радзей) людзях; адз. няма.

1. Мн. да чалавек. Усюды было поўна людзей, і ўсе былі радасныя, вясёлыя. Лынькоў. Свет не без добрых людзей. Прыказка. // чаго ці якія. Асобы, якія належаць да пэўнага асяроддзя або характарызуюцца наяўнасцю якіх‑н. агульных прымет. Савецкія людзі. Людзі навукі. □ Можна спадзявацца, што з Панямоні прыбудуць Тарас Іванавіч Шырокі і Базыль Трайчанскі. Але на апошніх двух ускладаць надзей не варта — яны людзі сямейныя. Колас.

2. Іншыя, пабочныя асобы (для абазначэння няпэўна дзеючай асобы). Не хвалі сябе, няхай людзі пахваляць. Прыказка.

3. Асобы, якія выкарыстоўваюцца ў якой‑н. справе; кадры. Да нас на работу наступілі новыя людзі. // У ваенным асяроддзі — асабовы склад войска, жывая сіла. Сёння людзі падраздзялення капітана Грэкава, якія прыйшлі сюды ўлетку 1944 года, просяць аб прысваенні іхняй заставе імені «Васемнаццаці паўшых герояў». Брыль.

4. Уст. Слугі, парабкі, наймічкі.

•••

Маладыя людзі — а) моладзь мужчынскага полу, юнакі; б) малады мужчына і дзяўчына.

Бываць на людзях гл. бываць.

Вывесці ў людзі гл. вывесці.

Выйсці (выбіцца) у людзі гл. выйсці.

Людзі добрай волі — чэсныя людзі, якія хочуць шчасця і міру народам. За мір і дружбу вечную Рады Шчыльней злучайце, Людзі добрай волі. А. Александровіч.

На людзях — на віду ў іншых. [Зіна] на людзях стрымлівалася, нават бадзёрылася, а дома дасць волю слязам. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. — Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)