заляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

1. Запоўніць, замазаць чым‑н. вязкім, ліпкім. Парабкі колькі разоў спрабавалі заляпіць гэтыя бліскучыя літары, але гліна ад ветру трэскаецца і асыпаецца. Бажко. // Закрыць, заклеіць чым‑н. Заляпіць разбітую шыбу паперай. // Разм. Закрыць, закласці чым‑н. Дранкай заляпіў [Сузон] страху на хаце. Галавач. // Наклейваючы што‑н., пакрыць паверхню чаго‑н. Заляпіць усю сцяну афішамі.

2. Абляпіць, пакрыць сабой паверхню чаго‑н. Пакуль Забраліся, снег заляпіў, выбеліў цалкам постаці Прыстрома і Дзераша. Шынклер.

3. і без дап. Разм. Моцна ўдарыць, нанесці ўдар. Заляпіць аплявуху. Заляпіць у вуха.

4. Разм. Рэзка, рашуча зрабіць што‑н.; уляпіць (у 2 знач.). Заляпіць вымову. Заляпіць двойку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)