надво́сень, прысл.
Разм. Пад самую восень. Аднаго разу надвосень у іхнюю вёску зайшоў малады незнаёмы паніч і папрасіўся ў суседзяў прытуліцца на ноч. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Тое, што і жартаваць. Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам. — От, паніч: вы ўсё шуткуеце! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацкава́ць, ‑цкую, ‑цкуеш, ‑цкуе; ‑цкуём, ‑цкуяце; зак., каго.
1. кім. Напусціць нацкаваных сабак на каго‑н.
2. Злавіць або забіць звера пры дапамозе сабак. Зацкаваць зайца. □ Аднойчы паніч зацкаваў сабакамі апошнюю авечку майго прадзеда Пархвена Доўбні. Жычка.
3. перан. Разм. Замучыць праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваць сумленнага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак. што.
1. Павесіць, начапіць. Усчапіць стрэльбу на плячо. □ Пабарабаніў [Мароз] пальцамі, па стале, падышоў да [вешалкі], усчапіў на калок казакін, ускінуў хромавую кубанку. Лобан.
2. Надзець на сябе або на каго‑н. вопратку. [Хлор:] — Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, усчапіў капялюш, дык ужо, думаеш, і паніч. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гавэ́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Абл. Гутарка, размова. Гардзіенка з гаспадыняй сардэчна вялі гавэнду і не бачылі нікога. С. Александровіч. Калі купляюць, імя не пытаюць. Навошта тое імя? З рук у рукі — і гавэнды няма. Ермаловіч. Аднойчы зусім яшчэ малады паніч Андрэй Полаз, наслухаўшыся ад гасцей гавэнды пра розныя паляванні, узяў крадком ад бацькі рагач і ўцёк з дому. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. Наўмысна ўвесці каго‑н. у зман. [Юля] дзяўчат ашукала, што пойдзе да знаёмых. Васілевіч. // Не выканаць абяцання, парушыць дадзенае слова; абысціся несумленна з кім‑н. Стрэў дзяўчыну паніч. Абяцаў ажаніцца на ёй. Ашукаў. Лужанін.
2. перан. Падманваючы, дамагчыся чаго‑н. Не ашукала смерць салдата, Дык насмяяўся люты кат. Глебка.
3. Спакусіць, зачараваць. [Леснічыха:] Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць. Козел.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Малімонік, малімонічак, малімончык, маліму͡он ’пястун, распешчаны’, ’ахвочы да ласункаў, прысмакаў, ’пераборлівы ў ядзе’, ’чалавек, які карыстаецца прывілеямі і злоўжывае імі’ (Нас., Федар. 2; драг., З нар. сл., Нар. лекс.; КЭС, лаг.; Пан. дыс.), малімонка ’жанчына, разборлівая ў ежы’, ’фанабэрыстая жанчына’, ’пястуха’ (Нас.; віл., Нар. сл.), малімонтка ’какетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); малімонікі ’ласункі, пяшчота, абяцанкі’ (Нас.), малімоніць ’песціць, як дзіцё’, малімоніцца ’ўдаваць сябе за малога’ (КЭС, лаг.), ’песціцца, як малыя дзеці, цырымоніцца’ (Нас.), малімон, марымон ’пірог з гатунковай пшанічнай мукі’, марымоны ’смачныя рэчы’ (ТС). Польск. malimończyk, marymontczyk ’вучань колішняй сельскагаспадарчай і лясной школы ў мястэчку Marymont, (якое нібыта з франц. Mariemont ’гара Марыі’) каля Варшавы, дзе быў і ўзорны млын, які малоў муку высокага гатунку’. Адсюль пазней значэнне ’печыва — далікатэс з марымонцкай мукі’ > ’ласунак’ > ’той, хто есць ласункі, далікатэсы’ > ’паніч, беларучка, пястун’ (Варш. сл., 2, 890; Карскі, 1, 148; 2–3, 101; Марозаў, Пыт. мовазн. і метад., 161).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.
2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.
4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.
5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уве́рх, прысл.
1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх. Лынькоў. Туман ірвануўся ўверх. Бядуля. // У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх. Якімовіч.
2. (звычайна ў спалучэнні з наз. у Т). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас. [Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.
3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ. «Маладосць». Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы. Брыль. — Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём. Бялевіч.
•••
Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.
Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.
Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.
2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.
3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.
4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.
5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)