Пагадзі́цца ’выказаць сваю думку з кім-, чым-н.; згадзіцца; прыйсці да згоды, сысціся на чым-н.; памірыцца з кім-н.’ (ТСБМ, Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад гадзіцца < год (гл. таксама годны). Сюды ж вытворныя пага́дліва ’памяркоўна, паблажліва’ (Др.-Падб., Гарэц.), пага́дны ’паблажлівы, спачувальны’ (Федар. VII, 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пагадзі́цца, -гаджу́ся, -го́дзішся, -го́дзіцца; зак.

1. з кім-чым і без дап. Выказаць згоду з кім-, чым-н.

П. з прапановай. — Так, нам тады было надта цяжка, — пагадзіўся са мной сусед.

2. на чым і без дап. Прыйсці да згоды, сысціся на чым-н.

Пагадзіліся ісці пехатой.

Пагадзіліся на тым, што туды паеду я.

3. з кім-чым. Памірыцца з кім-н. або прымірыцца з чым-н., прывыкнуць да чаго.

Паспрачаліся, а потым пагадзіліся.

Ён ніяк не мог п. з тым, што несправядліва з ім абышліся.

|| незак. пагаджа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зміры́цца, зміруся, змірышся, змірыцца; зак.

1. Звыкшыся, прымірыцца, пагадзіцца з чым‑н. Алік даўно ўжо змірыўся з думкай, што бацька загінуў на вайне. Дадзіёмаў. Цяжка змірыцца з тым, што здарылася. Галавач.

2. Перастаць працівіцца, настойваць на чым‑н., пакарыцца абставінам. Марына Мікалаеўна змоўкла і вырашыла змірыцца з усім, што робіцца гэтым радасным днём. Кавалёў. — Не магу змірыцца — такія крыўды чыняцца людзям. Колас.

3. Разм. Памірыцца, прымірыцца. — З такімі, як Баўтрукоў, я не зміруся ніколі, ніколі ў жыцці! Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смі́рны ‘ціхі, маўклівы, рахманы’ (Некр. і Байк., Жд. 3), смір (сміръ) ‘цішыня, спакой’ (Нас.), сміры́ццапамірыцца’ (мін., Сл. ПЗБ), смі́рна ‘навыцяжку, не варушачыся і не размаўляючы (пра стойку пры камандзе)’ (ТСБМ), ‘сціпла, нясмела, скромна’ (Бяльк.), смірне́ць ‘станавіцца ціхім’ (Нас.), Вытворныя ад мір ‘цішыня, спакой’ (Праабражэнскі, 2, 336; Махэк₂, 364). Аналагічныя дэрываты і ў іншых славянскіх мовах: рус. сми́рный, сми́рно!, укр. сми́рный, смирни́ты, чэш. smírny, (u)smířiti, серб.-харв. сме̑ран ‘скромны, рахманы, мірны’, балг. сми́рен ‘уціхаміраны’, сми́ря ‘супакоіць, уціхамірыць’, макед. смирен ‘спакойны, ціхі, рахманы’, смири ‘супакоіць, прымірыць’, ст.-слав. съмѣрѥнъ (съмѣрьнъ) ‘уціхаміраны, пакорны, прыніжаны’. Дапускаецца змяшэнне вытворных ад *mirъ і *měra ў познепраславянскі перыяд (ЕСУМ, 5, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пала́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. Наладзіць з кім‑н. добрыя адносіны; ужыцца. [Богдан:] — Нам патрэбен такі чалавек, які б нас за людзей лічыў.. Андрэй Максімавіч змог бы і з людзьмі наладзіць і гаспадарку навесці. Дуброўскі. — Дык-ты ў парабкі да Халусты? — Але, Сымон. — Не ведаю, як ты з ім паладзіш. Чарнышэвіч.

2. Памірыцца пасля сваркі з кім‑н. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас.

3. што. Рамантуючы, зрабіць прыгодным для карыстання, работы. І я не выходзіў з двара — папраўляў платы, якія сям-там збуцвелі і асунуліся,.. наладзіў на хаце страху, бо ў раптоўныя навальнічныя дажджы, асабліва ў ліўні, яна працякала. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.

1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.

2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

план, ‑а, м.

1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў. Багун.

2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася. Шамякін.

3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў.

4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока. Шахавец.

5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы. Ліс. // перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну. Сабаленка. [Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Крапіва. На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы. «Полымя».

6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца. «Беларусь». Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы. «ЛіМ».

7. Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Васілёнак. Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны. Лойка.

•••

Адысці на задні план гл. адысці.

[Ад лац. planum — плоскасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)