зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.

1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.

2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.

3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)