Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

санлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлі́вы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. □ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.

2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рот, ‑а, М ‑роце; мн. раты, ‑оў; м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі і шчокамі да глоткі. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Я вось вяртаўся з заставы ды так і не вытрымаў, злез з каня ды давай заграбаць іх у рот, як мядзведзь. Брыль. Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра. Маўр. // Разрэз губ. — Нічога, і мне яшчэ засталося, — выцер чамусь рукавом рот Антось. Васілевіч. // Пашча, дзюба ў звера, рыбы, птушкі. З рота [у дзіка] тырчаць вялікія, вострыя, як нажы, і загорнутыя ўгору іклы, — грозная і небяспечная для ворагаў зброя. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Тое, што і ядок. Тры дзесяціны зямлі, вядома, не маглі пракарміць сем ратоў, як часта казаў сам пісьменнік. Бядуля. Каб скараціць выдаткі і пазбавіцца ад лішняга рота, .. [Ліда] разлічыла Олю і ў гэтыя ж яслі аддала Аліка. Васілевіч.

•••

Адкрыць рот гл. адкрыць.

Глядзець у рот гл. глядзець.

Закрыць рот каму гл. закрыць.

Замазаць рот каму гл. замазаць.

Заткнуць рот каму гл. заткнуць.

Заціснуць рот каму гл. заціснуць.

Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было гл. быць.

На поўны рот — папоўніцы, удосталь (есці).

Ні кроплі (каплі) у рот не браць гл. браць.

Пальца ў рот не кладзі каму гл. класці.

Разявіўшы рот гл. разявіўшы.

Разявіць рот гл. разявіць.

Рот не закрываецца ў каго — а) пра ахвотніка многа і пустое гаварыць. — Гэта твой язык жахаецца і направа і налева, дурань, — адказваў Сідар, не пазіраючы на Антося, бо ці варта на такога дурня глядзець! — У цябе і рот не закрываецца, пустальга. Чарнышэвіч; б) пра вялікае хаценне спаць, частае пазяханне; в) пра таго, хто часта і многа есць.

У рот не лезе што гл. лезці.

У роце растае гл. раставаць.

У роце расце гл. расці.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)