мести́ несов., в разн. знач. ме́сці; (заметать) замята́ць, падмята́ць;

ве́тер метёт ли́стья ве́цер мяце́ лі́сце;

сего́дня на у́лице метёт безл. сёння на ву́ліцы мяце́;

мести́ пол ме́сці (падмята́ць) падло́гу;

но́вая метла́ чи́сто метёт но́вая мятла́ чы́ста мяце́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ме́сці, месьці́, мясьці́падмятаць’, ’з сілай гнаць, кружыць снег’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ. ТС; міёр., З нар. сл.). Укр. мести́, рус. мести́, польск. mieść, н.-луж. mjasć, в.-луж. mjeść, чэш. mésti, славац. miesť, славен. mẹ́sti, серб.-харв. мѐсти, макед. мете, балг. мета, ст.-слав. мести. Прасл. mesti (< metti), роднаснае да metati > мятаць (гл.). Дакладнымі адпаведнікамі агульнаслав. лексемы з’яўляюцца: літ. mèsti ’кідаць, шпурляць’, ’пакінуць’, ’снаваць’, лат. mest ’кінуць’, ст.-прус. metis ’кідок’, лац. mittō, mittere ’тс’, ’выпускаць’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 611; Махэк₂, 361; Фрэнкель, 422; Бязлай, 2, 179; Шустар-Шэўц, 12, 926–927). Гл. мятаць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́ць, пыха́ць ’араць сахой’ (Касп., Яруш., Сл. ПЗБ), ’баранаваць засеянае поле’ (Бір. Дзісн.; глыб., Хрэст. дыял.; в.-дзв., Шатал.; Касп., Мат. Маг.), ’месці хату’ (Касп.), ’разводзіць, сеяць, вырошчваць’ (ТС), калінк. ’прыносіць мёд’ (Сл. ПЗБ). Рус. пахать ’араць, абрабляць зямлю’ (кур., арл.), паўн. ’рэзаць хлеб’, ярасл. ’сеяць’, паўн.-дзв. ’месці падлогу’, ’падмятаць мякіну’, алан. ’абмятаць магілу’, цвяр. ’ісці, хадзіць, ступаць’, ’дзьмуць’; польск. pachać ’капаць’, ’рабіць зло’, чэш. páchati ’рабіць, учыняць’, ’пасці скаціну’, славац. pachať ’рабіць, вырабляць’, серб.-харв. па̏хати, па̀јати ’махаць’, ’абмятаць пыл, змятаць павуціну, абдзьмухваючы чысціць’. Прасл. paxati ’месці, чысціць’, якое звычайна звязваецца з прасл. paxnǫti ’пахнуць’. Для прасл. paxati ’месці’ Ваян (RÉS, 43, 90–91) у якасці і.-е. паралеляў прапануе літ. puõšti, лат. púost ’чысціць, аздабляць’, ст.-ісл. fága ’тс’, ст.-сакс. fegōn, ст.-фрыз. fēgia, гал. vagen ’месці, чысціць’, што дае магчымасць узвесці прасл. paxati да і.-е. *pēkʼ/pōkʼ (Мартынаў, Слав. акком., 125). Сюды ж па́хата, па́хота ’ворыва, узараная зямля’ (Нас., Грыг., Сл. ПЗБ, Выг., ТС), ’аранне сахой’ (Касп.), лях. па́хаць, тураў. па́хоць, глыб. па́хаця ’ворыва’ (Сл. ПЗБ, ТС). Гл. таксама пашні́на, па́шня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́заць ’пакрываць слоем чаго-небудзь тлустага ці вадкага’, ’пэцкаць’, ’непрыгожа маляваць або пісаць’, ’рабіць промахі ў гульні, стральбе’ (Нас., ТСБМ, Шат., Мат. Гом.); жытк., нараўл., лельч. ’бяліць’ (Мат. Гом.); светлаг. ’чысціць боты’ (Мат. Гом.), ’падмазваць, намазваць’ (Сл. ПЗБ), ’бяліць мелам’ (ТС). Укр. ма́зати, рус. ма́зать, польск. mazać, н.-луж. mazaś, в.-луж. mazać, чэш. mazati, славац. mazať, славен. mázati, серб.-харв. ма̏зати ’тс’; макед. мазни ’гладзіць’, ’песціць’, мазнина ’сала, тлушч’, балг. мажа; ст.-слав. мазати, мажѫ. Прасл. mažǫ, mazati мае няяснае паходжанне (Махэк₂, 356). Аднак Бернекер (2, 58), Мерынгер (IF, 17, 148), Эндзелін (KZ, 44, 66), Мюленбах-Эндзелін, (2, 684), Младэнаў (WuS, 12, 59), Траўтман (173), Фасмер (2, 557) мяркуюць, што роднаснымі да прасл. mazati з’яўляюцца лат. (iz)muôžêt ’мучыць’, ’перахітрыць’, muôžêt ’прагна есці’, ’біць’, літ. mēžti ’угнойваць’, лат. mêzt ’чысціць ад гною, падмятаць’, ст.-грэч. μάσσω, μάττω, μεμαγμένος ’цісну, мажу’, μαγεύς ’пекар’, μαγίς ’месіва’, μᾱζα ’цеста’, ст.-в.-ням. mahhôn ’складваць, звязваць’, н.-в.-ням. machen ’рабіць’, арм. macanim ’гусцею’. Такім чынам, mazati паходзіць ад *magʼ‑. Яно з’яўляецца ітэратывам з доўгім галосным кораня *‑māgʼ‑ā‑tei. Першасны дзеяслоў у славян не захаваўся. Сюды ж мазену́ць ’ударыць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)