суфлі́раваць, ‑рую, ‑руеш; ‑руе; незак.

Падказваць акцёрам словы ролі ў час спектакля. Гена прыносіць клей, намазвае пагоны, зашпільвае кабуру і лезе зноў пад стол, адкуль ён суфліруе. Жычка.

[Ад фр. souffler — падказваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрэ́бнасць, ‑і, ж.

Неабходнасць у чым‑н. Патрэбнасць у харчаванне Патрэбнасць у драўніне. Матэрыяльныя і культурныя патрэбнасці. □ [Лясніцкі:] — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. А патрэбнасць такая будзе часта, не сумнявайся. Шамякін. // Жаданне чаго‑н., імкненне да чаго‑н. А прывітая інстытутам патрэбнасць аддаваць веды прымушала выступаць, падказваць, вучыць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.

2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)