Склеп ‘паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў’, ‘падзямелле для дамавін з нябожчыкам’ (ТСБМ, Нас., Шат., Арх. Федар., Касп., Нік. Очерки, Др.-Падб., Бяльк., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; Гарэц., Янк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), ‘скляпенне над подам печы’ (Шушк., Мат. Гом.), ‘труна’ (Мат.), ‘труна з шасці дошак’ (ТС), склеп, склёп ‘труна з накрыўкай-дашкам’ (стол., петрык., ЛА, 3), склёп ‘падзямелле’ (Растарг.). Запазычанне з польск. sklep (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96), таксама як і рус. склеп, гл. Фасмер, 3, 641. Ст.-бел. склепъ < ст.-польск. sklep запазычана ў канцы XV ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 98). Параўн. скляпенне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сутарэ́нне, ‑я, н.

Памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле. Наверсе жылі жандары, а ўнізе ў сутарэнні — майстэрня. Галавач. Камера ў сутарэнні гэтага ж будынка была вузкая, сырая і вельмі цёмная. Кулакоўскі. [Чыжыку] пачало здавацца, што ён у крэпасці. У тым самым сутарэнні, дзе ляжаць параненыя. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёх, ‑у, М ‑у, м. і лёха, ‑і, ДМ лёсе, ж.

1. Склеп, падзямелле. Палац пануры і высокі, не падступіцца к тым мурам, а пад палацам лёх глыбокі — на страх нявольнікам-рабам. Машара.

2. Падземны ход. Хлапчук .. шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лёх, лёшак ’памяшканне са зрубам і страхою для захоўвання гародніны ў зямлі’, ’пограб пад падлогай у хаце’, ’склеп, падзямелле’ (Бес., Шушк., Клім., ТС, Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., КЭС, лаг.; брасл., Шатал.), ’нара, падземны ход’ (Гарэц.), ’падземныя калідоры, па якіх плыве вада’ (КЭС, лаг.), лёха ’нара’, ’адтуліна ў падмуроўцы’ (ТСБМ, Федар. 1, 2; Бір. Дзярж.; докш., Янк. Мат.; лаг., Жд. 2), лёхі ’падзямелле, падземныя хады’ (Сцяшк., Мядзв., Яруш.), карэліц. лёха ’глыбокая мясціна ў старыку, якая не зарасла водарасцямі’ (Нар. словатв.), сувалк. lʼoxa (КАБ) ’акно вады на балоце’. Ст.-бел. лиохъ ’пограб’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. loch ’падземныя памяшканні, яма, пячора, пограб’, якое з с.-в.-ням. loch ’закрытае месца, схованка, пячора, турма; дзірка’, параўн. і ст.-в.-ням. lūhhen ’замыкаць’ (Слаўскі, 4, 318–319; Махэк₂, 338; Булыка, Запазыч., 190; Чартко, Бел. лінгв. зб., 149; Кюнэ, Poln., 72; Арашонкава, БЛ, 2, 50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гняздзі́цца, гнязджуся, гнездзішся, гнездзіцца; незак.

1. Жыць, рабіць гнёзды (пра птушак). Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. — Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дае птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх. Колас. // Мець прытулак, прыстанішча (пра людзей, звяроў, насякомых). — Вы думаеце — многія ведаюць пра падзямелле? — сказаў дзед Піліп. — Дзе там! Людзі здаўна стараліся абыходзіць гэта месца, бо тут вечна гняздзіўся ўсякі зброд... Ваданосаў.

2. перан. Моцна трымацца, караніцца ў кім‑, чым‑н. (пра абстрактныя паняцці). [Крамарэвіч] некалькі разоў на ноч курыў і ўжо заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзілася ў душы яго. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад..., (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў, падаючы ім значэнне:

1. Накіраванасці дзеяння знізу ўверх, напрыклад: падкінуць, падняць, падскочыць, падважванне.

2. Накіраванасці дзеяння ў бок ніжняй часткі, да нізу або пад ніз чаго‑н., напрыклад: падкапаць, падрыць, падбіўка.

3. Набліжэння да каго‑, чаго‑н., напрыклад: падпаўзці, падплысці, падбяганне, падноска.

4. Дабаўлення чаго‑н., напрыклад: падліць, падмяшаць, падсыпаць.

5. Праяўлення дзеяння або стану не ў поўную меру, не на поўную сілу, напрыклад: падгаіцца, падгнісці, падквасіць, падлячыць, падмазаць, падсохнуць.

6. Дадатковага дзеяння (для дасягнення лепшага выніку), напрыклад: падвінціць, падгладзіць.

7. Тайнага, скрытнага ад іншых дзеяння, напрыклад: падгледзець, падпільнаваць, падслухаць.

8. Паўторнага дзеяння, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: падыграць (на музычным інструменце), падтакваць, падбрэхваць.

II. Ужываецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, надаючы ім значэнне:

9. Знаходжання ніжэй чаго‑н., унізе чаго‑н., напрыклад: падглеба, падзямелле, падкаўнерык, падводны, падземны, падстраўнікавы.

10. Знаходжання каля, паблізу чаго‑н., напрыклад: падгор’е, падлессе, падмаскоўны.

11. Часткі чаго‑н. цэлага, буйнога, напрыклад: падатрад, падвід, падклас, падстанцыя.

12. Знаходжання пад чыёй‑н. уладай, у сферы чаго‑н., напрыклад: падначалены, паднявольны, падсудны.

13. Звання ніжэй каго‑н., пасады памочніка, напрыклад: падпалкоўнік, падкухцік, падмайстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)