Сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС), смыч, смоч, смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл.), смы́чка, смы́чаўка, смы́каўка ‘яжджаль, асака светла-зялёнага колеру, якая пачынае расці ранняй вясной’ (ЛА, 1, Расл. св.), смыча́ль ‘тс’ (Жыв. сл., ЛА, 1), смуча́й ‘травяністая расліна, падвей’ (ПСл). Параўн. укр. смича́й, смуча́й ‘падвей, Eriophorum vaginatum L.’, смича́ль ‘азёрная расліна’, харв. дыял. smȗcal ‘нейкая трава’. Відаць, да смыкаць, смукаць ‘тузаць, цягаць, вырываць’ (гл.), параўн. му смучай сму́каем на шчоткі (ПСл). Паводле ЕСУМ (5, 321), матывацыя тлумачыцца лёгкасцю аддзялення лістоў ад кораня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Наве́й ’хвароба ў выніку чараў’ (Машынскі, Kultura, II, 1, 180), ’падвей шыракалісты’ (міёр., Жыв. сл.). Ад навеяць ’нанесці ветрам’, параўн. палес. щоб щось не навіяло — засцерагальная формула ў адносінах да наванароджанага і парадзіхі (Полесский этнолингвистический сб. М., 1983, 38); назва расліны ў выніку пераносу назвы хваробы на сродак лячэння, параўн.: Навеім вушы заклікаюць, яг гълъва баліць (Жыв. сл., 203). Параўн. надвей ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ветраго́н 1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон. ’флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон 1.
Ветраго́н 2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон 1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)