Няўклю́да, няўхлю́да ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), не́ўклюдзь ’недарэка’ (слаўг., Нар. словатв.), няўклю́дны ’непрыгожы, непрывабны’ (Яўс.), неўклюдны ’няскладны, няспрытны’ (ТС), няўклюдня ’мізэрнасць, непрывабнасць, няўтульнасць’ (Яўс.), рус. неуклю́д ’няскладны, няспрытны чалавек’, неуклюдный, неуклюжий ’непаваротлівы’. Да прасл. *klʼudъ, прэфіксальныя ўтварэнні прадстаўлены ў рус. уклюжий ’лоўкі, спрытны’, чэш. ukliditi ’давесці да ладу’ і пад. Паводле Трубачова (Эт. сл., 10, 55), застаюцца нявысветленымі суадносіны форм *klʼudъ, *sklʼud‑, *xlʼud‑, параўн. схлюдны (гл.). Не адпавядае рэчаіснасці таксама сцверджанне (там жа) аб адсутнасці адпаведных формаў у паўднёваславянскіх мовах, параўн. балг. дыял. неоклюжавнялоўкі’ (р‑н г. Трын), якое Добраў (Старинни бълг. думи. София, 1987, 86) суадносіць з рус. неуклюжий ’тс’. Гл. таксама Кузняцова, РР, 1977, 2, 82–86; Фасмер, 3, 69. Ці не паўплывала на семантыку беларускага слова літ. kliùdýti ’чапляць за што-небудзь, перашкаджаць’, а таксама ’пападаць’ (параўн. неўпапад ’недарэчы’)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)