нязна́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ‑ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.

2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невядомы, нязведаны, неразгаданы, неразгадны, безыменны, нейкі / пра прыналежнасць: нечы / пра пісьмо, літаратурны твор: ананімны; няведамы (разм.); загадкавы, цёмны (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

невядо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы. Дзень добры, невядомая краіна! Сіпакоў. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна. Пальчэўскі. Нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў.

2. Нязведаны, не перажыты раней. У Ніны ўявілася невядомае дагэтуль пачуццё рэўнасці. Гурскі.

3. Які не карыстаецца шырокай папулярнасцю; малавядомы. Невядомы артыст.

4. у знач. наз. невядо́мы, ‑ага, м.; невядо́мая, ‑ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы ў шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ. Пальчэўскі.

5. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. Аб чым‑н. нязведаным. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.

6. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. У матэматыцы — велічыня, якую трэба знайсці; проціл. вядомае. Ураўненне з двума невядомымі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сум, ‑у, м.

1. Пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы. Неадольны сум застыў у карых вачах [Івана]. Новікаў. — Усё вельмі проста, — у Міколавым голасе непрыхаваны сум. Навуменка. З глыбокім сумам глядзіць стары. Клышка. // Тое ж самае пачуццё, але больш лёгкае і светлае; журба. У .. голасе [Антаніны Міхайлаўны] нават чулася нотка суму і спачування. Колас. І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі. Брыль. Васіль Паўловіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі. Ціхі сум вачэй дзявочых Павязу ў сядле з сабою. Панчанка.

2. Душэўная трывога ў спалучэнні са смуткам, маркотай; туга. Апусцелыя лугі і палі навявалі сум. Чарнышэвіч. Максіма зноў агарнуў сум астрожных будняў. Машара. Але ў тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.

3. Пакутлівая маркота; нуда. [Яшчын:] — Якое ж можа быць жыццё без цвыркуна! Загінеш ад суму... Хадкевіч. Жыць люблю каля чыгункі, Тут не будзеш знацца з сумам. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даль, ‑і, ж.

1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.

2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)