Му́рыннегр, арап’, ’чорны, смуглы’ (Грыг., ТСБМ, Нас., Шат., Сцяц.), муры́нка ’загарэлая, цёмная жанчына’ (Нас.), ст.-бел. муринънегр’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. murzyn, якое са ст.-в.-ням. môr ’маўр’ < лац. maurus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126; Кюнэ, Poln., 79; Міклашыч, 204; Фасмер, 3, 13). Лексема муры́нка была ўтворана паводле польск. murzynka ’негрыцянка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нажны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да нагі (у 1 знач.). // Прызначаны для ног. Негр-гігант згінае на рэйках бранзалеты нажных кайданоў, я вызваляюся з жалезных путаў. Дамашэвіч. // Які прыводзяцца ў дзеянне нагой, нагамі. Нажная швейная машына. Нажны тормаз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маўр, ст.-бел. мавръ, маурънегр’ (XVII ст.). Запазычаны са ст.-польск. maur, якое з с.-лац. maurus < лац. Mauri ’насельніцтва Паўн.-зах. Афрыкі’. З VIII ст. гэту тэрыторыю захапілі арабы, і ў сярэдневякоўі маўрамі называлі арабаў і арабізаваных жыхароў Паўн. Афрыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́гры, ‑аў; адз. негр, ‑а, м.; негрыцянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. негрыцянкі, ‑нак; ж.

Асноўная група карэннага насельніцтва трапічнай Афрыкі, якая характарызуецца цёмным колерам скуры, а таксама нашчадкі прадстаўнікоў гэтай групы, якіх прымусова вывезлі каланізатары ў Амерыку ў 16–19 стст. Рабства яшчэ не пазбыта ў амерыканскіх калоніях, А ўжо няволяй прыбітыя, Негры змагаюцца сёння. Тарас.

[Фр. négre ад лац. niger — чорны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ара́пнегр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бамбу́ла ’вялікі, рослы і тоўсты чалавек’ (Ніканч.). Укр. бамбу́ла ’непаваротлівы, нехлямяжы чалавек або жывёла’, польск. bambuła ’тс’, чэш. bambula ’дурань’. Махэк₂ (44) бачыць крыніцу ў венг. bamba ’дурны’ (гукапераймальнае, гл. MESz, 1, 235). Тады бел. і ўкр. словы (націск!) праз польск. мову. Для ўкр. слова (без матэрыялу іншых слав. моў) Рудніцкі (70) прыводзіць франц. bamboula ’сенегальскі негр’ (са спасылкай на О. Горбача). Вельмі няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)