неасэнсава́ны, ‑ая, ‑ае.
Неабдуманы; неўсвядомлены, няясны. Неасэнсаваны парыў. Неасэнсаваны матэрыял. □ Нягледзячы на добры ранішні настрой, Лемяшэвіча апанаваў неасэнсаваны смутак. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неразва́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва разважлівасць. — Я не хачу, каб мой муж хадзіў [на заданне] недзе без мяне. Удваіх і паміраць лягчэй. Вы не ведаеце яго [Міколу] — ён такі неразважлівы, усюды лезе, на ражон. Новікаў. // Які робіцца без папярэдняй развагі; неабдуманы. Неразважлівы ўчынак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неаба́члівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які дзейнічае неразважліва, не думае аб выніках. Аўтар часам бывае неабачлівы, калі.. раптам адмаўляецца ад катэгарычнасці ранейшых сцвярджэнняў. «Полымя». // Пазбаўлены абачлівасці; неасцярожны, неабдуманы. Неабачлівы ўчынак. □ Лёгка было аступіцца, паляцець у бездань. Але нешта ўсё-такі ўтрымала хлопца ад неабачлівага кроку. Сабаленка.
2. Няўважлівы, нячулы. Неабачлівыя адносіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́расць, ‑і, ж.
1. Разумовая абмежаванасць, тупасць. І калі што якое рабіў, то па вялікай сваёй дурасці, а не па злому намыслу. Лынькоў. І заўсёды так здараецца, што са складанага становішча выблытаешся, а па ўласнай дурасці пападзешся. Шахавец.
2. Неабдуманы, бязглузды ўчынак. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прывык спяшацца; які спяшаецца. [Мужчын] .. абмінала, а часам штурхалі паспешлівыя ваенныя, бурчалі, што сноўдаюцца тут усялякія. Грахоўскі. Дзімін паспакайнеў, стаў не такім паспешлівым, пачаў больш думаць. Карпаў. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. Пачуўся паспешлівы тупат. Нейкія людзі беглі ад Пальмінкі. Новікаў. Накіданыя паспешлівай рукой радкі дазваляюць нам цяпер уявіць, што ж адбылося ў Беларусі пасля абвяшчэння рэформы [1861 года]. Кісялёў. // Хуткі, таропкі, беглы. [Язэп] адразу здагадаўся, што тут здарылася без яго. Насцярожана акінуў натоўп паспешлівым позіркам, шукаючы, каго не хапае сярод жанчын. Асіпенка.
2. Неабдуманы; заўчасны. А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Шамякін. Наш паважаны Сцепаненка, відаць, робіць паспешлівыя вывады... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скараспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка дасягае спеласці (пра расліны, плады, сельскагаспадарчую жывёлу). Скараспелая парода жывёлы. □ Вясковыя бабы ўжо спрабавалі мацаць на гародах скараспелую бульбу. Чыгрынаў. Побач з нашымі мясцовымі пародамі — дубам, сасной, ялінай, скараспелай асінай — лістоўніца павінна заняць ганаровае месца. Мяжэвіч. // Які мае адносіны да развядзення хутка паспяваючых парод, сартоў. Скараспелая мясная жывёлагадоўля.
2. перан. Разм., часцей іран. Які рана і без належнай падрыхтоўкі выступіў на якой‑н. ніве дзейнасці. Скараспелы паэт.
3. перан. Разм. Занадта хутка зроблены, атрыманы; паспешны, неабдуманы. І. Замоцін не прызнаваў скараспелых метадалагічных і тэарэтычных канцэпцый. Мушынскі. Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Шашкоў. Пасля гаворкі з Паўлам Квітуном Міхаль цвёрда надумаў ажаніцца з Любай, але ўжо назаўтра рашэнне гэтае здалося яму вельмі скараспелым. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)