біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце́, б’юць; бі; бі́ты; незак.

1. каго (што). Наносіць удары, збіваць каго-н.

Б. гарэзу дубцом.

2. каго-што. Наносіць паражэнне.

Б. ворага.

3. каго (што). Забіваць каго-н. (жывёлу, птушак і пад.).

Б. цюленяў.

4. што. Разбіваць, раздрабняць.

Б. посуд.

Б. каменне.

5. Удараць, стукаць.

Б. кувалдай.

Святло б’е ў вочы (перан.).

6. у што. Ударамі ўтвараць гукі.

Б. у бубен.

7. што і без дап. Ударамі адзначаць што-н., гучаць, вызвоньваць, званіць.

Гадзіннік б’е.

8. што. Ударамі, гукамі абазначаць што-н.

Б. трывогу.

Б. адбой.

9. Страляць, абстрэльваць.

Б’юць гарматы па акопах.

Стрэльба добра б’е.

10. У спартыўных гульнях: накіроўваць у цэль.

Б. па варотах.

11. У шашках, шахматах, картачных гульнях: браць фігуру або пакрываць карту праціўніка, пазбаўляць удзелу ў гульні.

Б. ферзя.

Б. валета.

12. перан. Едка высмейваць, крытыкаваць.

Словы паэта б’юць па бюракратызме.

13. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго (што). Трэсці (пра хваробу, страх і пад.; разм.).

Кашаль б’е.

14. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Імкліва выцякаць адкуль-н.

Струмень б’е.

Жыццё б’е (перан.).

15. што. Вырабляць пэўным спосабам.

Б. масла.

Б. валёнкі.

Бібікі біць (разм., неадабр.) — гультаяваць, бяздзейнічаць.

Біць крыніцай — бурна развівацца.

Біць на што (разм.) — імкнуцца да чаго-н.

Біць па кішэні (разм.) — уводзіць у страту.

Біць (сябе) у грудзі (разм.) — клясціся, запэўніваць у чым-н.

Біць паклоны (разм.) — пачціва прасіць каго-н.

Біць у адну кропку — дамагацца аднаго чаго-н.

Біць у нос (разм., неадабр.) — патыхаць якім-н. вострым пахам.

Ногі біць (разм.) — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Як у бубен біць (разм.) — гаварыць пра што-н. гучна, адкрыта.

|| зак. пабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; пабі́; -бі́ты (да 1—4 і 11 знач.), прабі́ць, -б’ю́, -б’еш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; прабі́; -бі́ты (да 7, 8 і 13 знач.) і разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́; разбі́ты (да 2 і 4 знач.).

|| наз. біццё, -я́, н. (да 1, 4—6 і 14 знач.) і бой, бо́ю, М баі́, м. (да 7 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудити ‘таміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trud ‘сум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біцьнатруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)